Пра тое, што не алкагалізм і наркаманія амаральны, а амаральны паводзіны і ўчынкі, ішла размова на інфармацыйнай сустрэчы ў аддзяленні дзённага знаходжання Чэрвенскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У актуальнай размове ўдзельнічалі псіхолагі цэнтра Людміла Марціновіч і Алена Вута, урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Пётр Віннікаў, святар Аляксандр Лазоўскі, прадстаўнікі рэабілітацыйнага цэнтра «Выток» Эдуард і рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Ананімных Алкаголікаў» Уладзімір.
Разам з прафілактычнымі мерапрыемствамі і медыкаментозным лячэннем алкагалізму і наркаманіі, увагу служб і грамадскасці раёна прыцягнула форма працы груп «Ананімных алкаголікаў».
Даведачна. «Ананімныя алкаголікі» - гэта добраахвотная сусветная супольнасць мужчын і жанчын, якія сустракаюцца, каб здабыць і падтрымліваць цвярозасць. Адзіная ўмова ўдзелу ў ім - жаданне кінуць піць. Ва ўсім свеце прыблізна 2,5 мільёна чальцоў супольнасці, каля 125 тысяч груп у 180 краінах. У Беларусі 102 групы Ананімных Алкаголікаў, у Мінску - 25.
Па словах Уладзіміра, у гэтай арганізацыі, самы вялікі працэнт акрыялых. Тут ніхто не ставіць дыягназ. Рашэнне залежыць толькі ад самога чалавека. Той, хто жадае пазбавіцца ад шкоднай звычкі, бачыць у групе такіх жа, як і сам, ахвяр згубнай залежнасці, але здолеўшых узяць пад кантроль жаданне прыняць спіртное ці наркотык і захацелі весці цвярозы лад жыцця. У суполцы не вядуць рэгістрацыі, спісаў прысутных, гісторый хваробы. На зборах алкаголікі дзеляцца сваім досведам акрыяння, распавядаюць аб тым, як алкаголь паўплываў на іх асобу, жыццё, і што яны зрабілі, для таго, каб дапамагчы сабе і іншым застацца цвярозымі. Калі адзін алкаголік вядзе размову з іншым, дзелячыся вопытам, сілай і надзеяй, - гэта працуе.
Рэальныя гісторыі «згубленых» людзей, якія прайшлі цяжкі шлях акрыяння, пераконваюць чалавека ў тым, што і ён зможа. Адбываецца гэта не хутка, не за некалькі наведванняў збору. Як адзначыў Уладзімір, вопыт паказаў, што ў супольнасці здаравеюць тыя, хто рэгулярна ходзіць на сходы, ідзе праграмай 12 Крокаў, працуе з настаўнікам-спонсарам, былым алкаголікам, да якога ён можа звярнуцца па дапамогу і адказы на пытанні.
Даведачна. Праграма 12 крокаў была распрацавана ў 30-я гады XX стагоддзя, першапачаткова яна ўжывалася для лячэння алкаголікаў, а праз два дзясяткі гадоў - для лячэння наркаманаў. Мільёны алка- і нарказалежных атрымалі магчымасць пачаць здаровае жыццё менавіта дзякуючы праграме. Методыка прызнаецца найбольш эфектыўнай і выкарыстоўваецца ў лепшых наркалагічных клініках усяго свету.
Праграма «12 Крокаў» простая і цікавая. Справіцца з ёй можа кожны. Патрэбны толькі гатоўнасць і вялізнае жаданне навучыцца быць цвярозым.
У Чэрвені працуе дзве групы Ананімных Алкаголікаў. Удзельнікі першай збіраюцца ў памяшканні цэнтра сацыяльнага абслугоўвання на вуліцы Ленінскай. Іншай групе далі магчымасць праводзіць сходы ў будынку трапезнай чэрвеньскага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Жадаючых далучыцца да групы запрашаюць у чацвер, пятніцу і суботу ў 18.00.
Таццяна, заснавальнік другой групы, адкрыта расказала прысутным аб сваім асэнсаванні праблемы і жаданні акрыяць. Маладая яшчэ жанчына, яна доўгі час штодня ўжывала спіртныя напоі не самай лепшай якасці. Маючы дзіця, забывалася пагутарыць з ім, пакарміць, прылашчыць. Сёння Таццяна сама ўздрыгвае ад карцін жыцця, якія яна апісвае.
- 12 Крокаў дапамагаюць мне ў вырашэнні ўсіх жыццёвых праблем, вялікіх і малых, сказала яна. - Гэта мая апора. Набываючы цвярозасць, алкаголік набывае ўсё: фінансавую стабільнасць, каханне блізкіх і значных для яго людзей, павагу ў грамадстве.
Да алкаголю і наркотыкаў звяртаюцца па розных прычынах, але канец у гэтых прыхільнасцяў адзін - смерць.
Галіна ГАМЕЗА

