Чэрвень і філіял «Легенды каратэ» прадстаўлялі чацвёра моцных духам юных байцоў. Гэта Данііл Буглак, Дзяніс Лобан, Мікалай Махнач і Андрэй Шары.
Дзяніс і Андрэй выступалі ў сваіх узроставых катэгорыях, у якіх яны выступалі і на першым этапе лігі. А вось Колю і Даніку давялося значна цяжэй. Справа ў тым, што напярэдадні спаборніцтваў адсвяткавалі сваё дзевяцігоддзе. Здавалася б - выдатна! Але, стаўшы на год старэй, яны зараз павінны выступаць у іншых узроставых катэгорыях, змагацца з супернікамі, якія ўжо ў дадзеных катэгорыях плаваюць, як рыба ў вадзе!.. Прыйшлося сабраць у кулак усе сілы, стойкасць і смеласць і ступіць на татамі сапраўднымі байцамі, бясстрашнымі і валявымі!
Вынікам выступлення нашых землякоў стала першае месца Дзяніса Лобана ў катэгорыі «ката юнакі 7 гадоў», трэцяе месца Данііла Буглака ў катэгорыі «ката юнакі 9 гадоў» і яго ж чацвёртае месца ў катэгорыі «ката юнакі 10-11 гадоў». Усіх хлопцаў віншуем з паспяховым выступленнем і жадаем новых перамог!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Сяргея БУГЛАКА

