Генадзь Завадскі і Наталля Дмухоўская
Першы сакратар райкама Генадзь Завадскі даў справаздачу перад таварышамі аб працы арганізацыі ў 2020 годзе. Ён адзначыў, што камуністы раёна ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: арганізоўвалі пікеты ў падтрымку А. Р. Лукашэнкі, былі сябрамі камісій, назіральнікамі. Члены раённай арганізацыі праводзяць таксама працу па патрыятычнаму выхаванню сярод моладзі. Прымаюць удзел у добраўпарадкаванні горада, пасадцы дрэў, вядуць актыўную грамадскую працу. Разам з тым, вялікім мінусам у працы ён назваў малое павелічэнне колькасці арганізацыі. Асноўную большасць складаюць людзі сталага ўзросту.
- Найпершая задача на наступны год - прыцягненне ў шэрагі Камуністычнай партыі маладых людзей. Для гэтага і раённую арганізацыю павінен узначаліць актыўны, энергічны чалавек больш маладога ўзросту — сказаў Генадзь Анатольевіч, прапаноўваючы на пасаду першага сакратара Наталлю Дмухоўскую.
Прысутная на сходзе намесніца старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка, падзякавала Генадзю Завадскаму за плённае супрацоўніцтва, падтрымку выканаўчай улады, вялікую патрыятычную працу. Яна выказала ўпэўненасць, што з новым першым сакратаром праца раённай арганізацыі Камуністычнай партыі стане яшчэ больш прадуктыўнай.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

