У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый. Старшыня Савета ветэранаў Іван Ладуцька падзякаваў ім за актыўную жыццёвую пазіцыю і асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху ў раёне, уручыў памятныя падарункі і дыпломы за работу на працягу года.
Граматай і каштоўным падарункам ад савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў за актыўную працу ўзнагароджана Клаўдзія Міхіевіч (Лядзенскі сельскі савет). Клаўдзія Адамаўна шмат гадоў працавала педагогам, узначальвала Лядзенскую школу, карыстаецца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў і ветэранаў працы. Як старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі кіруе валанцёрамі, якія дапамагаюць даглядаць брацкія магілы на мясцовых могілках. Многія аднавяскоўцы звяртаюцца да яе па дапамогу, асабліва ў набыцці медыкаментаў, у бытавых пытаннях. Яна згуртавала вакол сябе шматлікіх ветэранаў працы і ўсе яны імкнуцца трымацца разам, дапамагаць адзін аднаму, асабліва ў цяжкую жыццёвую хвіліну.
Дыпломам і памятным сувенірам ад раённай арганізацыі ветэранаў узнагароджаны Генадзь Баранаў, ветэран працы, член ветэранскага клуба «Суразмоўца», за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні святочных мерапрыемстваў і за прапаганду здаровага ладу жыцця сярод членаў клуба.
Пасля таго, як вынікі працы за 2021 год былі ацэнены станоўча, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі планы на наступны год. Іван Ладуцька адзначыў, што перш за ўсё старэйшае пакаленне збіраецца актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні Канстытуцыі і ў рэферэндуме: «Нас, старэйшае пакаленне, хвалюе шмат. Напрыклад, умацаванне сацыяльнай абароны пенсіянераў, захаванне пераемнасці пакаленняў, адраджэнне беларускай вёскі, падтрымка слабаабароненых пластоў насельніцтва, развіццё інфраструктуры малых гарадоў, такіх, як наш. Жадаем прыняць удзел у абмеркаванні ўсіх гэтых пытанняў».
На здымку: старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна Барыс Гурэвіч (Чэрвеньскі ўчастак электрасувязі); Ганна Карповіч («Чэрвенскі райаграсэрвіс»); Марыя Тон (эксперыментальная база «Натальеўск»); Людміла Лепеш (Калодзежскі сельскі савет); Таццяна Манжынская (арганізацыя педагагічных работнікаў раёна).
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

