Як распавяла кіраўніца раённага клуба інтэлектуальных гульняў «Ігумен» Ірына Вабішчэвіч, арганізатар «Казачнага куфэрка» - клуб «Гульня» з Краснадара: «Яны робяць класныя міжнародныя турніры. На гэты раз парадавалі самых маленькіх. Тэма была «Казкі і іх героі». Гулялі вучні СШ №4 з 3-га «Б» і 2-га «А». Дзецям было цікава адказваць на пытанні. Напрыклад, «Хто паслаў такое паведамленне з борта дывана-самалёта: «А ў маёй ступе камфортней!». Або «На якім інструменце іграе каза ў мультфільме «Маша і мядзведзь»?» У якасці адказаў прапаноўваліся ўрыўкі з казак і карцінкі».

І такіх пытанняў было цэлых 50 штук! Хлопцы найграліся ад душы. «Калабкі» перамаглі, але прыз - «Казачны куфэрак» з цукеркамі - падзялілі на ўсіх. У турніры ўдзельнічалі і старэйшыя знаўцы. Яны паспрабавалі сябе ў якасці гульнявога журы. Няхітрыя, прыязныя і выхаваныя «Калабкі» і з імі падзяліліся цукеркамі ў падзяку за сумленнае судзейства.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ірыны ВАБІШЧЭВІЧ

