- Мэтай мерапрыемства з'яўляецца прапаганда правілаў дарожнага руху, прывіццё дзецям навыкаў бяспечных паводзін на дарогах, вуліцах і ў гарадах, – пракаментаваў старэйшы дзяржаўтаінспектар раённага АДАІ Аляксандр Манулік. - Як паказвае статыстыка, часцей за ўсё ДТЗ адбываюцца з удзелам дзяцей менавіта гэтай узроставай групы. Хлопцы часта не глядзяць па баках, перабягаюць дарогу ў неналежным месцы, гуляюць побач з праезнай часткай…

Школьнікі спаборнічалі не толькі ў веданні Правілаў дарожнага руху. На першым этапе спаборніцтва каманды прадставілі на суд журы хатнюю нарыхтоўку - відэаролікі на тэму «Я выконваю правілы дарожнага руху», накіраваныя на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму. У творчым конкурсе перамогу атрымала каманда Смілавіцкай СШ No1.

Алімпіяда складалася з двух тураў. На этапе індывідуальнага рашэння квіткоў ўдзельнікам трэба было адказаць на дзесяць пытанняў. Пры аднолькавай колькасці набраных балаў перавагу атрымлівалі ўдзельнікі, якія выдаткавалі найменшую колькасць часу. Заключным турам стала каманднае рашэнне задач, заданні якіх максімальна набліжаны да рэальных умоў дарожнага руху.

Нездарма кажуць, што дома і сцены дапамагаюць. Абсалютнымі пераможцамі алімпіяды, лідэрамі каманднага і індывідуальнага этапаў, лепшымі знаўцамі ПДР сталі рабяты з чацвёртай школы: Арцём Мурашка (5 клас), Максім Капцелаў (6 клас), Станіслаў Хмяльніцкі (7 клас).

Інспектары ДПС раённага АДАІ Генадзь Рунцо і Ягор Ваяводзін павіншавалі пераможцаў і прызёраў конкурсу і ўручылі ім заслужаныя дыпломы.
Усе хлопцы годна прадставілі свае школы. Камусці не хапіла ведаў, а можа быць крыху менш пашанцавала. У такіх спаборніцтвах няма прайграўшых, таму што важней дыпломаў дзіцячая бяспека. А пераможцам рана расслабляцца. Хутка ім трэба будзе адстойваць гонар раёна на абласным этапе алімпіяды па ПДР.
Галіна АКБАЛ. Фота Галіны Акбал

