Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

07 Люты 2022

Алег Елін: «Цяпер любое вострае рэспіраторнае захворванне — практычна сто адсоткаў COVID-19»

У Беларусь прыйшоў новы штам каранавіруса - «амікрон». Пра яго асаблівасці распавёў «Раеннаму весніку» загадчык інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Елін

– Алег Яфрэмовіч, чым адрозніваецца гэты варыянт COVID-19 ад іншых?

- «Амікрон» лёгка распаўсюджваецца, выклікаючы лавінападобны рост захворвання, у тым ліку - сярод дзяцей. Па розных ацэнках, адзін інфікаваны «амікранам» можа заразіць яшчэ восем-пятнаццаць чалавек. Таму важна максімальна выконваць меры прафілактыкі: выкарыстоўваць маскі ў грамадскіх месцах, часта мыць, апрацоўваць антысептыкамі рукі, абмежаваць вочныя кантакты. Цяпер любое вострае рэспіраторнае захворванне - практычна сто працэнтаў COVID-19. Цыркуляцыя іншых узбуджальнікаў, у тым ліку і грыпу, практычна не рэгіструецца. У сувязі з гэтым зараз браць мазкі на каранавірус у большасці выпадкаў немэтазгодна.

– Прышчэплены чалавек лягчэй пераносіць захворванне на новы штам кавіда?

- «Амікрон» без праблем прарывае механізмы імуннай абароны ў раней перахварэўшых іншымі варыянтамі каранавіруса або вакцынаваных толькі двухразова. Пры гэтым паўторная (бустэрная) доза істотна памяншае верагоднасць развіцця сімптомаў хваробы і асабліва верагоднасць шпіталізацыі і цяжкай плыні захворвання ў груп рызыкі (па некаторых ацэнак даследаванняў - у 20-24 разы). Таму мае сэнс выканаць бустэрную рэвакцынацыю, асабліва - асобам з груп рызыкі. Адназначна, выбар для рэвакцынацыі за адэнавіруснымі вакцынамі, напрыклад - «Спадарожнік Лайт». Вакцына Sinopharm у дадзенай сітуацыі будзе саступаць па эфектыўнасці.

– Для каго «амікрон» найбольш небяспечны?

- Захворванне працякае ў большасці людзей адносна лёгка, гэта не параўнальна з тым, што было пры цыркуляцыі дэльта-варыянту каранавіруса. Аднак групы рызыкі засталіся ранейшымі. Гэта пацыенты з залішняй вагой (індэкс масы цела 30 і больш), пажылыя людзі, людзі з хранічнымі захворваннямі, цукровым дыябетам, імунадэфіцытам. Частку такіх пацыентаў даводзіцца шпіталізаваць і інтэнсіўна лячыць.

– Як праяўляе сябе «амікрон»?

- Часта, асабліва ў маладых, мы бачым сімптомы, падобныя на кішачную інфекцыю. Асабліва характэрна з'яўленне млоснасці, шматразовых ваніт, вадзяністай дыярэі і боляў у жываце.

З гэтым лёгка зладзіцца самастойна, выконваючы дыету і папаўняючы страты вадкасці негазаванай мінеральнай вадой малымі порцыямі або з дапамогай адмысловых раствораў супраць абязводжвання: прабіётыкі, адсарбенты (актываваны вугаль, «Смекта»).

Прынцыпы лячэння «амікрона» у амбулаторных умовах такія ж, як і пры COVID-19.

– Што яшчэ можна і трэба зрабіць у хатніх умовах?

- Для больш хуткага акрыяння і паляпшэння зыходу захворвання важны многія фактары. Сярод іх - паўнавартаснае харчаванне. Рэгулярныя прыёмы ежы дазваляюць захаваць энергію арганізма, неабходную для дужання з інфекцыяй. Важна харчавацца правільна ў вострую фазу захворвання, нават калі зусім няма апетыту.

Таксама трэба піць шмат вадкасці маленькімі порцыямі (пітная і мінеральная вада, морсы, сокі, чай) у аб'ёме не менш за 20-30 мілілітраў на кілаграм масы цела ў дзень. Плюс дадаткова - 10 мілілітраў на кілаграм масы цела ў дзень пры ліхаманцы на кожны градус павышэння тэмпературы звыш 37,0° С (гэта значыць пры тэмпературы 39,0° С сумарная патрэбнасць у вадкасці - 50 мілілітраў на кілаграм масы ў суткі). Правільна атрымліваючы вадкасць чалавек не павінен адчуваць смагі, павінен рэгулярна мачыцца (не радзей, чым кожныя 6-8 гадзін), аптымальны колер мачы - светла-жоўты (бліжэй да празрыстага).

Зніжаць тэмпературу звычайна рэкамендуецца пры ліхаманцы (38,5°С і вышэй). Аднак у выпадку дрэннай пераноснасці нават невысокай тэмпературы, у тым ліку - з-за спадарожных захворванняў, можна зніжаць яе і пры больш нізкіх значэннях. Для гэтага падыдуць любыя сродкі (парацэтамол, ібупрафен, камбінаваныя гарачкапаніжальныя ў пакеціках). Калі тэмпература застаецца вельмі высокай (39-40°С) і гарачкапаніжальныя прэпараты не дапамагаюць, альбо іх эфект няўстойлівы - трэба звярнуцца да лекара. Асабліва павінен насцярожыць паўторны ўздым тэмпературы да высокіх значэнняў, калі да гэтага ліхаманка ўжо здаралася, а потым тэмпература была нармальнай на працягу некалькіх дзён запар.

Прыём вітамінаў - не абавязковая ўмова для акрыяння. Але яны, як паказваюць некаторыя даследаванні, могуць зменшыць цяжар плыні інфекцыі і паскараць акрыянне. І ўжо сапраўды не нашкодзяць. Звычайна выкарыстоўваюць вітаміны С, Д і цынк.

А вось антыбіётыкі зусім не патрэбны пераважнай большасці пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, асабліва амбулаторным. Таму што каранавірус выклікае першасна-вірусныя паразы лёгкіх (пнеўманіты), без напластавання бактэрыяльнай інфекцыі ў 95-96 выпадкаў. Менавіта таму антыбіётыкі пацыентам з COVID-19 павінны прызначацца толькі па рашэнні лекара.

Таксама абсалютна ўсім пацыентам не патрэбны антыкаагулянты (прэпараты, якія зніжаюць здольнасць крыві да ўтварэння тромбаў). Яны прызначаюцца лекарам толькі некаторым хворым з дадатковымі фактарамі рызыкі трамбозаў. Такія прэпараты небяспечны, яны могуць выклікаць крывацёкі, у тым ліку - якія пагражаюць жыццю пацыента. Менавіта таму большасць антыкаагулянтаў можна набыць толькі па рэцэпце.

Падчас лячэння COVID-19 амбулаторна неабходна назіраць за сваім станам (станам хворага сваяка, якога вы даглядаеце). Пры з'яўленні сіняватай афарбоўкі скурных пакроваў, дыхавіцы, пачуцці недахопу паветра, боляў у грудной клетцы, бесперапыннага сухога кашлю, зніжэнні артэрыяльнага ціску ніжэй 90/60 міліметраў ртутнага слупа, рэзкім памяншэнні аб'ёму мачы на ​​працягу сутак, неабходна як мага раней звярнуцца да лекара ці выклiкаць хуткую медыцынскую дапамогу.

Асоба старанна трэба сачыць за цягам захворвання ў людзей з фактарамі рызыкі. Звычайна істотнае пагаршэнне стану ў іх назіраецца на 6-10 дні ад першых сімптомаў каранавіруснай інфекцыі.

Калі ёсць магчымасць, трэба вымераць сатурацыю кіслароду ў крыві спецыяльным прыборам (пульсаксіметрам) да чатырох разоў у дзень. Зніжэнне сатурацыі да значэнняў 94% і ніжэй - нагода тэрмінова звярнуцца да лекара.

Лячыцца правільна - важна. Але яшчэ лепш - не хварэць. Таму я раю вакцынавацца супраць COVID-19 пры першай магчымасці, бо імунітэт пасля вакцынацыі ў некалькі разоў больш выражаны і больш устойлівы, чым нават пасля цяжка перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Здароўя ўсім!

Гаварыла Галіна ГАМЕЗА. Фота Ігара АДАМОВІЧА

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць