Жыхар аграгарадка Валевачы Іван Мішкевіч прыйшоў на прыём з двума праблемамі. Першая – падтапленне яго зямельнага ўчастка падчас веснавой паводкі і моцных дажджоў.
Рэльеф мясцовасці ля дома заяўніка такі, што “вялікая вада» ў любым выпадку будзе трапляць на ўчастак з суседняй вуліцы. Але зменшыць наступствы падтаплення, як высветлілася, магчыма. Для гэтага адпаведным службам даручана ў красавіку прачысціць канаву і трубу, якія ідуць побач, каб вада, не затрымліваючыся на ўчастку, хутка сыходзіла. Паабяцалі Івану Мішкевічу вырашыць і другую праблему: падсыпаць і прагрэйдаваць дарогу, што вядзе да яго дома.
Адразу некалькі праблем узняла на прыёме Дыяна Краўчанка. У прыватнасці, яе, як і многіх жыхароў аграгарадка, непакоіць іржа ў водаправоднай вадзе. Як растлумачыў першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Гадун, хаця утрыманне жалеза ў вадзе не перавышае ўстаноўленых санітарна-гігіенічных нормаў, праблема сапраўды існуе. Прычына ў тым, што вада з новай свідравіны цячэ па старых трубах, у якіх за шмат гадоў назапасілася іржа. Палепшыць сітуацыю вырашылі перыядычным (раз на два месяцы) прамываннем труб.
Акрамя таго, па звароту Дыяны Краўчанкі даручана адрамантаваць у аграгарадку дарожнае пакрыццё на вуліцы Гомельскай і прылеглых да яе завулках, адрэгуляваць вулічнае асвятленне ў Валевачах шляхам устаноўкі рэле часу, вырашыць пытанне забеспячэння мясцовай амбулаторыі медыцынскімі кадрамі і правядзення ў ёй рамонту.
Ірына Шубнікава распавяла на прыёме пра дрэнны пад’езд да вёскі Ялча ад дарогі “Буда – Грабёнка” і па самому населенаму пункту. І пачула добрую навіну: ужо ў гэтым месяцы ўчастак да Ялчы плануецца пачаць асфальтаваць, а на дарожным пакрыцці па вёсцы зробяць ямачны рамонт.
Міхаіла Уласенку хвалявала праблема добраўпарадкавання тэрыторыі пасля пракладкі ліній оптавалаконнай сувязі. Намеснік начальніка Чэрвеньскага ўчастка электрасувязі РУП “Белтэлекам” Анатоль Баранаў запэўніў: арганізацыя, якая вяла пракладку, да канца красавіка прывядзе ў парадак верхні слой зямлі і пасее траву. Таксама на кантролі – узнятае Міхаілам Уласенкам пытанне своечасовасці вывазу бытавога смецця з кантэйнераў старога ўзору.
Некалькі зваротаў паступіла да Уладзіміра Гурыновіча на “прамую тэлефонную лінію”. Галіна Корзун і Святлана Кавалевіч цікавіліся перспектывай выдзялення іх сынам зямельных участкаў у Валевачах для індывідуальнага будаўніцтва на льготных умовах. Як патлумачыла старшыня сельвыканкама Алена Чыканоўская, усе ўчасткі ў аграгарадку рэалізуюцца толькі з аўкцыёна. Уладзімір Гурыновіч даручыў райвыканкаму прапанаваць заяўнікам варыянты атрымання зямлі для будаўніцтва жылля ў іншых населеных пунктах.
Наталля Матышчык у сваім тэлефанаванні, акрамя праблем, якія акрэслілі іншыя заяўнікі, акцэнтавала ўвагу на неабходнасці дадатковага асвятлення ўчастка дарогі ў Валевачах ад магілёўскай шашы да вуліцы Новай, бо вяскоўцам, якія позна вечарам вяртаюцца з працы са сталіцы, хадзіць у цемры нязручна і небяспечна. Таксама, паводле слоў Наталлі Матышчык, нязручнасць і небяспеку для пешаходаў ствараюць велікагрузныя аўтамашыны, якія прыпаркоўваюцца па выхадных на вуліцы Мінскай.
Па гэтых, як і па ўсіх астатніх зваротах, якія паступілі падчас асабістага прыёму грамадзян і “прамой тэлефоннай лініі”, заяўнікі атрымаюць пісьмовыя адказы ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін.
Ігар АДАМОВІЧ

