У невялікай прамове перад пасадкай алеі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Змачынская адзначыла, што гэта вялікі гонар для чэрвенцаў — быць землякамі касманаўта:
«Асабліва пашанцавала вучням другой чэрвеньскай школы, гэта значыць вам, хлопцы - бо вы вучыцеся ў тых жа кабінетах і хтосці нават сядзіць за той жа партай, што і Алег Віктаравіч, калі вучыўся тут. Але гэта не толькі нагода для гонару, але і вялікая адказнасць, бо несці званне вучня другой школы трэба з гонарам! Сёння мы ўсе разам закладзем алею імя нашага земляка, а дапаможа нам у гэтым яго маці, Валянціна Эдуардаўна, якой мы дзякуем за выхаванне такога сына. Ён гонар не толькі нашага Чэрвеня, але і ўсёй Беларусі!»
І старшакласнікі, і маладыя хлопцы, і настаўнікі, і госці з задавальненнем узялі ў рукі рыдлёўкі і вёдры з вадой.
Кожны хацеў мець дачыненне да асаблівай працы і асаблівага дня.
Вядома, яшчэ не сёлетнім і нават не наступным летам вырастуць на маладых саджанцах яблыкі і вішні. Магчыма, тыя, хто праз некалькі гадоў паспрабуе ў школьнай сталовай першы кампот з садавіны «ўласнай вытворчасці», сёння робіць у гэтым жыцці толькі першыя крокі. Сабраўся ты ляцець у космас або выгадаваць яблыню - на ўсё трэба час і цярпенне. І так, трэба не забываць паліваць дрэвы!..
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

