У аддзеле беражліва захоўваюць гісторыю падраздзялення. Складзены афіцыйны нарыс, дзе падрабязна апісаны этапы станаўлення службы. У летапісе - кіраўнікі, не забыты і радавыя, якія доўгі час працавалі ў аддзеле. Узначальвае аддзел Максім Блізнюк. Напярэдадні прафесійнай даты ён запрасіў ветэранаў службы на сяброўскую сустрэчу, каб узгадаць працоўныя будні і цікавыя моманты працы.
Шмат распавялі ветэраны службы Мікалай Сасноўскі, Уладзімір Шары, Аркадзь Патоня, Аляксандр Шышонак і Уладзімір Рабцэвіч. У розны час яны займалі розныя пасады ў аддзеле. Даўжэй за ўсіх прапрацаваў Уладзімір Шары. Пачынаў міліцыянерам, зрабіў кар'еру, узначальваў аддзел 18 гадоў.
Ветэраны аховы распавялі, што спачатку аддзел туліўся ў падвале будынка суда. Быў ён міжраённым, абслугоўваў Чэрвеньскі і Бярэзінскі раёны. У штаце было амаль 240 чалавек. Тры міліцыянеры, астатнія - вартаўнікі. Ахоўвалі аб'екты дзяржаўнай уласнасці. У 60-х на вуліцы Зяневіча пабудавалі шчытавую хатку, і ахова атрымала ўласны адрас. Колькасць міліцыянераў павялічылася да 11, потым да 30.
У 1968 годзе Бярэзінскі раён выйшаў са складу аддзела. З'явіўся пульт з выведзенай на яго сігналізацыяй. Міліцыянеры ахоўвалі буйныя аб'екты, а вартаўнікі адказвалі за невялікія. Міліцыянеры аб'язджалі аб'екты на матацыклах і правяралі вартаўнікоў. Усіх іх перыядычна правяраў начальнік. У кожнага была кніжка, куды заносілі адзнаку, ці ёсць заўвагі. У аддзеле працавалі кінолагі з трыма сабакамі. Звычайна яны выязджалі разам з міліцыяй на крадзяжы.
У вядзенні аховы былі аб'екты Чэрвеня і Смілавіч. На раёне ахову крам забяспечвала райспажыўтаварыства: трымалі вартаўнікоў ці надомнікаў, якія жылі па суседстве. Але калі здараліся крадзяжы, аддзел аховы па гарачых слядах, з дапамогай сабак, дапамагаў затрымаць злачынцаў.
Ветэраны з усмешкай прыгадалі крадзеж у магазіне №19, на вуліцы Савецкай у Чэрвені. Працавалі ў той час там сёстры Фёдаравы. Спрацавала сігналізацыя. Ахова хутка адрэагавала на сігнал. Затрымаць злодзея аказалася вельмі лёгка: прыняўшы спіртнога, ён… заснуў на мяшках з крупамі.
Аркадзь Патоня распавёў пра «пасткі» з радаміну і злоў тэлефоннага злодзея:
— На аб'ектах ставілі пасткі для злодзеяў. Напрыклад, начынялі халастыя патроны радамінам. Ён бясшкодны, але вельмі дрэнна змываецца. На руках, твары, адзенні надоўга застаюцца сляды. Каля будынка старога банка, у гарадскім скверы, дзе зараз фантан, была тэлефонная будка. І там пастаянна зрэзалі тэлефонныя трубкі. Мы заклалі капсулу з радамінам у слухаўку трубкі. Калі злодзей разабраў трубку, капсула ўзарвалася і пазначыла злачынцу. Гэта быў зняволены вольнага паселішча.
Пра тое, як халасты патрон, прызначаны для злодзея, напалохаў не таго чалавека, узгадаў Уладзімір Шарый:
-Прыехаў да нас правяраючы з Мінска. Прыбылі на аб'ект: крама «Культтавары» ў Смілавічах, дзе зараз «Дабраном». Правяраючы ўбачыў люк на дах і вырашыў праверыць, як ён умацаваны. Я яму кажу - не трэба, там усё пад кантролем. Але ён упарты быў!.. Адкрыў люк - пачуўся стрэл. Правяраючы зваліўся на зямлю. Збянтэжыўся і неўзабаве з'ехаў. Але даведка была добрай!..
Міліцыянеры аддзела аховы падпарадкоўваліся РАУСу па абавязках. Але не фінансава. РАУС было на бюджэце, а ахова - на гаспадарчым разліку. Кошт гадзіны аховы складаў 8 капеек. Аддзел заўсёды ўтрымліваў сябе сам, за свае грошы ўзвёў новы сучасны будынак. Першы будаваўся на хуткую руку, таму ўжо праз год па сценах пайшлі расколіны з-за волкасці - мясцовасць балотная. Катлаван пад новы капалі ўсім аддзелам, падмурак залілі ў метр вышынёй, каб не даставала волкасць. Для супрацоўнікаў пабудавалі двухкватэрны дом, яшчэ дзевяць службовых кватэр купілі.
У перабудову для аддзела мала што змянілася. Праца заставалася ранейшай - ахоўваць дзяржаўную ўласнасць. Часта мяняліся тарыфы і форма. Працаваўшыя ў той час з усмешкай успамінаюць перыяд, калі форма была падобна на мундзір польскіх жандараў. Цяпер форма аднолькавая з міліцыяй. Тыя і іншыя - структуры Міністэрства ўнутраных спраў.
Пра сучасныя будні Чэрвенскага аддзела Дэпартамента аховы распавёў Максім Блізнюк:
— Пад нашай аховай - больш за 370 аб'ектаў - дзяржаўныя, камерцыйныя арганізацыі, асабістае жыллё грамадзян. У штаце ёсць і міліцыянеры, і вольнанаёмныя грамадзянскія. Па-ранейшаму ў штаце кінолагі і тры сабакі. Не раз даводзілася дапамагаць РАУС шукаць злачынцаў. Супрацоўнікі нашага аддзела - сумленныя, смелыя, прыстойныя людзі, прафесіяналы, гатовыя прыйсці на дапамогу ў розных надзвычайных сітуацыях. Раённая газета публікавала падзяку жыхароў Чэрвеня, машына якіх заглухла прама на святлафоры. Нарад аддзела аховы, які праязджаў міма, спыніўся, дапамог адбуксіраваць машыну на паркоўку, а пасажыраў падвезлі дадому. З нядаўніх таксама адметны выпадак, калі супрацоўнік аховы ў свой выхадны дапамог затрымаць злодзея ў краме «Тэхнаград».
Такіх жа адважных, прынцыповых юнакоў ва ўзросце да 28 гадоў мы запрашаем у шэрагі нашага дружнага калектыва. Вас чакае цікавая і адказная служба па ахове грамадскага парадку, асабістай і дзяржаўнай уласнасці, папярэджанню і своечасоваму раскрыццю злачынстваў, забеспячэнню бяспекі грамадзян, абароне іх правоў і законных інтарэсаў.
Тыя, хто гатовы да службы ў органах унутраных спраў, праходзяць спецыяльны адбор, пры якім улічваюцца маральныя і дзелавыя якасці, стан здароўя, узровень адукацыі кандыдатаў. Тым, хто мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, праходжанне тэрміновай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь не абавязкова. Мы навучым асновам прафесіі і дапаможам стаць прафесіяналамі!
Здавён, людзі, якія абараняюць інтарэсы суграмадзян, карысталіся асаблівай пашанай і павагай супляменнікаў, вылучаючыся з агульнай масы асаблівым складам розуму, фізічным развіццём, гатоўнасцю неадкладна прыйсці на дапамогу слабым.
Рэдакцыя раённай газеты віншуе супрацоўнікаў Чэрвенскага аддзела са святам. Жадаем здароўя, стойкасці, мужнасці, матэрыяльных даброт, а таксама пільнасці і аператыўнасці.
На здымку: Мікалай Сасноўскі, Уладзімір Шары, Максім Блізнюк, Аркадзь Патоня, Аляксандр Шышонак, Уладзімір Рабцэвіч.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара

