Вельмі ўзрушылі усіх яе згадкі пра тое, як фашыст адкруціў галаву іх адзінай курачцы Рабцы. У той момант Марыя жудасна закрычала і правалілася ў бяспамяцтва.
Запомніўся і нямецкі “пачастунак”: ёй дазволілі паесці з каскі пасля сабакі, калі той, выцягнуўшы костку, адышоў убок. Немцы, з успамінаў мамы дзяўчынкі, яе ў гэты час фатаграфавалі. У той момант, калі Марыя вылізала ўсё з каскі, да яе падышоў сабака, аблізаў твар… А потым узяў костку ў зубы і паклаў яе каля дзяўчынкі.
Вось як апісвае гэты момант госця сустрэчы ў сваёй кнізе «Сцежкамі памяці», якая пабачыла свет намаганнямі супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі ў 2009 годзе: “Немцы ў гэты час рагаталі, узяўшыся за жываты. Адзін, ён быў старэйшы за астатніх, глядзеў на мяне сумнымі вачыма, а па твары ў яго цяклі слёзы. Астатнія штурхалі яго, хтосьці казалі і рагаталі яшчэ мацней”.
Бацькі Марыі Антонаўны задоўга да Вялікай Айчыннай вайны пераехалі з вёскі Папова Града, якую ў ваенны час дарэшты спалілі карнікі, у вёску Майзарова.
Госця распавяла пра сваю далёкую сваячку, маладую жанчыну Алёну з Навасялення, якой цудам удалося выжыць у той жахлівы дзень, калі немцы акружылі Папову Граду. Напярэдадні яна з дзецьмі прыйшла ў госці да маці. Усё, што давялося пабачыць на свае вочы Алёне і тады, калі гарэла вёска, і пасля, са слоў самой сведкі пераказала прысутным Марыя Антонаўна.
Сустрэча нікога не пакінула абыякавым. Усе былі ўзрушаныя пачутым.
Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Фота аўтара.

