Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Юлія Мурашка прапанавала бацькам знайсці памылкі ў пакоі, якія могуць прывесці да непапраўнай трагедыі.
– Тут няспраўная праводка, а вось увогуле фен у ваннай… ды і попельніца ў хаце… - знаходзяць удзельніцы мерапрыемства адну памылку за другой.
А праўда ж... небяспека часцяком падпільноўвае нашых дзяцей з прычыны безадказнага стаўлення дарослых.
Пакінулі лекі на бачным месцы, дык чаму б іх не паспрабаваць на смак? З трох разетак у траяку дзве занятыя абагравальнікам і тэлевізарам? Дык чаму б не ўключыць яшчэ і мабільны тэлефон? Пакінулі на падлозе адвёртку? Самы час разабрацца з уладкаваннем разеткі!
Распавядала Юлія Мурашка мамам і бабулям не толькі пра тое, як важна выконваць самім і навучаць правілам бяспекі дзяцей, але і як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі.
Разабраліся якія першасныя сродкі пажаратушэння існуюць у кожным доме.
– Вадой можна тушыць не ўсе загаранні, - звярнула ўвагу прысутных інспектар прапаганды, - калі загарэлася масла на патэльні, то выкарыстоўвайце для тушэння звычайную крышку, калі ж падыходзячай па памеры крышкі няма, то можна выкарыстоўваць розныя сыпкія крупы, якія маюцца на кухні ў любой гаспадыні, альбо зямлю з гаршчка для кветак, пральны парашок.
Нагадала Юлія Мурашка і пра тое, як неабходна дзейнічаць пры загаранні электрапрыбора.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі акцыі прагледзелі фільм МНС «Не пакідайце дзяцей адных» і атрымалі ў падарунак буклеты з карыснымі парадамі.

