Спікерамі на сустрэчы з маладымі людзьмі выступілі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ірына Змачынская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марына Патапенка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Буцэвіцкая, дырэктар школы №4 Аксана Канапелька, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання школы №3 Чэрвеня, воін-інтэрнацыяналіст Віктар Казачонак, член рэспубліканскага маладзёжнага парламента Мікіта Рачылоўскі.
Ва ўступным слове Ірына Змачынская сказала, што самае галоўнае для маладых людзей нашай краіны сёння - усвядоміць сябе грамадзянінам, патрыётам, закліканым захаваць, умацаваць, абараніць Радзіму. Для гэтага неабходна ведаць сваю гісторыю, ідэалы і перакананні дзядоў і прадзедаў. За што ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якім коштам вызвалілі не толькі савецкія землі, але і ўсю Еўропу ад карычневай чумы?
— Прадзеды заваявалі Вялікую Перамогу, вам жа, іх нашчадкам, неабходна яе абараніць, — сказала Ірына Змачынская. - Ва ўмовах цяперашняй інфармацыйнай вайны гэта таксама патрабуе мужнасці, мудрасці і рашучасці.
Начальнік упраўлення прадаставіла слова госцю з Мінска Мікіце Рачылоўскаму, як аўтарытэтнаму эксперту ў маладзёжным асяроддзі. Звяртаючыся да старшакласнікаў, Мікіта сказаў:
- Мы з вамі - сучаснасць нашай краіны. Прыйшоў час нам паказаць сябе на справе годнымі слаўных подзвігаў продкаў. Перш за ўсё, гэта захаванне памяці і праўды аб тых падзеях. Не аддамо слаўнае мінулае на забыццё, скрыўленне сутнасці тых падзей. Савецкія салдаты цаной свайго жыцця выратоўвалі мірных грамадзян Польшчы, Венгрыі, Германіі і іншых краін. Дзякуючы іх мужнасці і адвазе захаваны старажытныя еўрапейскія гарады, у якіх зараз зносяць помнікі савецкім салдатам.
У падтрымку слоў маладога парламентарыя выказаліся намеснікі дырэктараў Запольскай школы - Віктар Палячкоў, Валявачоўскай - Леанід Кранцоў, педагог-арганізатар гімназіі №1 Людміла Грозная. Яны расказалі пра сваіх родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, падзяліліся асабістымі гісторыямі свайго роду.
Натхнёная прыкладам настаўнікаў, Ганна Міцкевіч, вучаніца чацвёртай школы, расказала пра сваю прабабулю – удзельніцу партызанскага руха. З яе партрэтам яна ўдзельнічала ў акцыі «Беларусь памятае» на мітынгу Перамогі ў Чэрвені на 9 мая.
Пра раённы рэсурсны цэнтр па патрыятычным выхаванні, які адкрыты ў школе №3 Чэрвеня, распавёў яго кіраўнік воін-інтэрнацыяналіст Віктар Казачонак. Ён адзначыў, што іх, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўдзельнічалі ў вайне ў Афганістане, натхнялі прыклады герояў Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікамі яны чулі апавяданні непасрэдных удзельнікаў той вайны, памяталі іх наказ, што самае дарагое - гэта мір, магчымасць спакойна жыць, працаваць і гадаваць дзяцей.
- Але, «каб жыць у мiры, трэба быць гатовым да вайны» - кажа вядомая прымаўка, - сказаў Віктар. - Таму трэба займацца спортам, быць фізічна развітым, падцягнутым, удзельнічаць у конкурсах, весці актыўны лад жыцця, праяўляць сябе, працаваць у інтарэсах краіны.
З пытаннем да дарослых звярнуўся вучань гімназіі Давід Даўцян. Ён спытаў, што такое патрыятызм у іхнім разуменні. Ірына Змачынская, падводзячы вынік размовы, сказала, што бясспрэчна - гэта любоў да Радзімы, яе абарона. Гэта слова так і перакладаецца з грэцкай мовы - «айчына».
— Пабываўшы ў больш чым у дваццацi краінах розных кантынентаў, гутарачы з людзьмі рознага сацыяльнага статусу, дастатку, адукаванасці, — сказала яна, — Я пераканалася, што лепшай за нашу краіну няма ў плане сацыяльных гарантый, даступнасці медыцынскіх, адукацыйных паслуг, падтрымкі сям'і і моладзі. Пра гэта лёгка пазнаць, клікнуўшы ў інтэрнэце патрэбную статыстыку. Не верце словам, не падмацаваным фактамі. Прыслухайцеся да тых, хто ўжо пабываў і спазнаў замежнага хлеба, а потым вярнуўся назад у Беларусь. За морам жыццё не дрэнна, але на радзіме ўсё зразумела і даступна. Тут вы патрэбны.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара

