Як распавяла “Раённаму весніку” навуковы супрацоўнік музея Кацярына Пачтальёнава, праект распрацавалі пяць гадоў таму, каб жыхары розных рэгіёнаў краіны мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх асноўных частак. Першая з іх адлюстроўвае пачатак вайны і абарончыя баі на савецка-германскім фронце ў 1941-1942 гадах. Тут, у прыватнасці, прадстаўлены фотаздымкі ўраджэнцаў Беларусі, якія праявілі мужнасць і гераізм у першыя дні вайны. У вітрынах – арыгінальныя экспанаты. Сярод іх – рэчы трыццаці байцоў, якія загінулі ў чэрвені 1941 ля вёскі Лыскі Слонімскага раёна.
Другі раздзел экспазіцыі распавядае пра партызанскі і падпольны рух на тэрыторыі Беларусі. Тут знаходзяцца асабістыя рэчы партызанаў, зброя, якая належала савецкім байцам і ворагам, з якімі яны змагаліся.
Трэці раздзел прысвечаны вызваленню Беларусі і Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут усталяваная новая вітрына, у якой размешчаны рэчы, што знайшлі ў лагеры смерці “Трасцянец” пад Мінскам, дзе загінула больш за 200 тысяч чалавек.
Таксама ў мабільнай экспазіцыі прадстаўлены дадатковыя тэмы. У прыватнасці, адлюстраваны подзвіг фотакарэспандэнтаў і кінааператараў, якія ў першыя дні вайны знаходзіліся на перадавай разам з байцамі. Менавіта дзякуючы ім музей мае шмат каштоўных кінафотаматэрыялаў.
Акрамя таго, у фургоне ёсць фотазона. Наведвальнікі экспазіцыі, сярод якіх пераважалі чэрвеньскія школьнікі і навучэнцы будаўнічага ліцэя, з цікавасцю фатаграфаваліся з сапраўднай зброяй часоў вайны на фоне фігуры партызана ў лесе.
Жадаючыя з дапамогай мультымедыйных панэляў магліатрымаць інфармацыю пра генацыд беларускага народа ў часы фашысцкай навалы і пра 27 беларускіх гарадоў, якія былі ўзнагароджаны вымпелам за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ігар АДАМОВІЧ

