На яго выкліканы 23 ігракі. Гэта варатары Сяргей Сянюк (“Партызан”, Салігорск), Ігар Шмідаў (“Колас”, Чэрвень), абаронцы Яўген Цэдрык, Юрый Весялоў, Мікалай Івашкін, Антон Петрушэня, Аляксандр Данілік (“Колас”, Чэрвень), Сяргей Цярэшка (“Адзінства”, Дзяржынск), Раман Грынюк (“Партызан”, Салігорск), Вадзім Мігаленя (“Вікторыя”, Мар’іна Горка), паўабаронцы Дзмітрый Чысты, Павел Клімовіч, Максім Гумінскі, Мікалай Гурыновіч, Антон Радзюк, Павел Сёмкін (“Колас”, Чэрвень), Ілля Завадскі, Дзяніс Сіманчык (“Жодзіна-Паўднёвае”), Аляксандр Паляшчук (“Фалько”, Чаркасы), Раман Беланожка (“Адзінства”, Дзяржынск), Мікіта Радкевіч (“Бабоўня”, Капыль), нападаючыя Сяргей Лізуноў (“Колас”, Чэрвень), Міхаіл Караткевіч (“Партызан”, Салігорск). Галоўнаму трэнеру дапамагаюць Аляксандр Курыловіч і Аляксандр Мрынскі.
Для каманды арганізаванае пражыванне ў гасцініцы і трохразовае харчаванне. Трэніроўкі праводзяцца на гарадскім стадыёне двойчы на дзень. Па выніках збору будзе сфарміраваны канчатковы выязны састаў, у які ўвойдуць 18 ігракоў.
22 чэрвеня “Колас” выправіцца ў Азербайджан, дзе як уладальнік Кубка рэгіёнаў Беларусі 2021 года прадставіць нашу краіну ў папярэднім раўндзе Кубка рэгіёнаў УЕФА 2022-2023.
Паводле жараб’ёўкі, нашы трапілі ў групу 2 разам з пераможцам Рэгіянальнай лігі Азербайджана ФК “Джабраіл”. “Колас” згуляе з гаспадарамі турніру двойчы, 24 і 26 чэрвеня, на стадыёне горада Шамахы.
Пераможца групы 2, які вызначыцца па суме двух матчаў, 29 чэрвеня сустрэнецца ў фінале з мацнейшай камандай групы 1, дзе ў аднакругавым турніры будуць спаборнічаць грузінскі “Басіяні”, казахстанскі “Каскелен” і эстонскі “Таліна Запоос”.
Выхад у фінал аўтаматычна забяспечвае ўдзел у наступным, прамежкавым раўндзе Кубка рэгіёнаў УЕФА. Пераможца вырашальнага матча трапіць у групу 3 да каманд Турцыі (гаспадары турніру), Партугаліі і Фінляндыі, а прайграўшы – у групу 1 да каманд Босніі і Герцагавіны (гаспадары турніру), Ізраіля і Шатландыі. Матчы прамежкавага раўнду спаборніцтваў запланаваныя на сёлетнюю восень.
У панядзелак пасля вячэрняй трэніроўкі мы пагутарылі з Юрыем Пунтусам.
– Юрый Іосіфавіч, найперш, канешне ж, многіх цікавіць пытанне, чаму Вы, прафесійны трэнер з імем і багатай біяграфіяй, вырашылі прыняць прапанову ўзначаліць каманду аматараў…
– Таму што люблю футбол. Так сталася, што я ўжо роўна год без трэнерскай працы. І тут не ідзе ніякай гаворкі пра грошы. Проста ёсць вялікае жаданне працаваць і даказваць, што яшчэ на штосьці здольны ў гэтай прафесіі.
Наконт аматарскай каманды… Мне цікавы такі вопыт. Тым больш, што, як ні парадаксальна, і я даўно гэта заўважыў, ігракі-аматары – вельмі адданыя футболу людзі. Такая адданасць ёсць нават не ва ўсіх прафесійных футбалістаў. Я сёння правёў з імі дзень і сыходжу са стадыёна з жаданнем заўтра раніцай хутчэй прачнуцца, каб зноў ісці на трэніроўку.
– Па выніках збору Вам трэба будзе з 23 ігракоў адабраць для паездкі ў Азербайджан 18. Складаная задача?
– Так. Будзе няпроста. Тым больш, што кожны футбаліст стараецца, выкладваецца напоўніцу на трэніроўках і жыве надзеяй. Я бачу, як гараць іх вочы…
– Як прайшоў першы дзень збору?
– Пачалося ўсё з таго, што я ў гасцініцы пазнаёміўся і пагутарыў з кожным кандыдатам у састаў каманды індывідуальна. Даведаўся, каму на якіх пазіцыях больш камфортна гуляць. Бо за кароткі час ігракоў трэба правільна расставіць на полі. І выбраць мацнейшых.
Дзве трэніроўкі, якія мы правялі, былі даволі рухомымі. З задавальненнем назіраў за тым, як працуюць хлопцы, што яны ўмеюць. Разміналіся, расцягваліся, гулялі ў квадрат, працавалі ў парах з узяццем варот праз камбінацыю, увечары правялі дванаццаціхвілінную гульню на ўсё поле.
– Мабыць, залішне пытацца, па які вынік каманда ляціць у Азербайджан?
– Канешне, настройваемся толькі на перамогу. Усё хлопцы мараць пра выхад у наступны раўнд. А асабіста мне Азербайджан цікавы яшчэ і тым, што, аб’ездзіўшы за жыццё мноства краін, ні разу там не быў.
Ігар АДАМОВІЧ