Бабуля Ліда пра медыкаў, якія пастаянна прыязджаюць на выклік, кажа вельмі цёпла: «Мае вы доктаркі, што б я рабіла, калі б не вы! Колькі разоў вы мне жыццё ратавалі! Я разумею, што са старымі людзьмі вам цяжка - і ў вену цяжка патрапіць, і хвароб у такіх, як я, цэлы букет, не ведаеш, што і лячыць у першую чаргу. Але ўсё ж, раз адмераў мне Бог такое доўгае жыццё - стараюся, жыву, як магу. А вы мне дапамагаеце. Дзякуй вам, дарагія, за цярпенне, за спагадлівасць, за вашу працу, дзякуючы якой людзі працягваюць жыць на гэтым свеце і радавацца кожнаму дню, зялёнай траўцы, галасам птушак, сонейку, дзецям і ўнукам».
Лідзія Яфімаўна і яе сям'я дзякуе медыкам Хутарскай бальніцы Тамары Міхайлаўне Флік і Людміле Уладзіміраўне Альховік, жадае ім здароўя, доўгіх гадоў жыцця і каб у сэрцах заўсёды гарэў агонь любові да сваёй прафесіі і да ўсіх людзей, якія маюць патрэбу ва ўрачэбнай дапамозе.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ