Кватэра ў Грабянцы. Папярэдні дом у гаспадара, аматара алкаголю, згарэў.
У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі РАНС, энергагазінспекцыі, сацабароны і РАУС, медыкі і мясцовыя органы ўлады.
У рэйд па розных вёсках сельсавета адправіліся чатыры групы, у кожную з якіх уваходзілі розныя службы.
Кожная група павінна была праехаць па 15 адрасах.
На тэрыторыі сельсавета больш за тысячу домаўладанняў. З іх выбралі для праверкі тыя, дзе жыхары маюць патрэбу ў кантролі: гэта пажылыя адзінокія людзі, інваліды, а таксама непрацуючыя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і злоўжываюць алкаголем.
Групай № 1 кіраваў намеснік начальніка РАНС Кірыл Маскалёў. Групу №2 узначаліў начальнік варты ПАВЧ №1 Міхаіл Радкевіч, групу №3 — інжынер БНіП Кірыл Бажко, групу №4 — старшы інжынер РАНС Сяргей Каўзуновіч.
Асноўныя выяўленыя недахопы: адсутнасць пажарнага апавяшчальніка; няправільная эксплуатацыя электраправодкі і электраабсталявання; незаконнае падключэнне да крыніц электраэнергіі; няспраўныя печы; знаходжанне непаўналетніх у антысанітарных ці небяспечных для жыцця ўмовах.
У некалькіх дамах і кватэрах знайшліся жыхары, якія з-за любові да алкаголю страцілі не толькі сем'і, дастойнае месца ў грамадстве і камфортныя ўмовы жыцця, але і элементарна бытавой электрычнасці. Вырашаюць гэтую праблему тым, што падключаюцца напрамую, абыходзячы лічыльнік. Складзена некалькі пратаколаў.
Да пенсіянераў у правяраючых асноўнае пытанне было па ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. Урачы і сацработнікі цікавіліся ў пажылых людзей здароўем, наяўнасцю лекаў, дастаўкай прадуктаў, работай сацыяльнай службы.
Пасля рэйду яго ўдзельнікі пад кіраўніцтвам начальніка РАНС Яўгена Кулагi правялі кароткую выніковую нараду, абмеркаваўшы вынікі і зрабіўшы высновы, на якіх участках патрабуецца дадатковая праца, каб не дапусціць гібелі людзей у пажарах і надзвычайных сітуацыях.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара