Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

22 Чэрвень 2022

Мітынг-рэквіем прайшоў у Чэрвені

Сёння, 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа на плошчы Свабоды ля помніка воінам і партызанам Чэрвеньшчыны прайшоў мітынг-рэквіем. Сюды прыйшлі прадстаўнікі розных арганізацый, устаноў адукацыі, школьнікі і студэнты.

Восемдзесят адзін год таму пачалася самая жорсткая і кровапралітная вайна ў гісторыі. У гэты дзень краіна ўспамінае тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінуўшых, закатаваных у фашысцкай няволі, памершых у тыле ад голаду і нягод. На тэрыторыю Беларусі ўступіла самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, беларускія гарады і вёскі. У Чэрвені з 6 тысяч даваенных жыхароў было знішчана 4265 чалавек. Усяго ў Чэрвеньскім раёне падчас акупацыі загінулі 7561 мірных жыхароў, 1040 сагнаны на прымусовыя работы ў Германію, 4704 чалавек загінулі на франтах, 537 - у партызанскіх фарміраваннях, 1593 чалавека зніклі без вестак. Спалена 64 вёскі, дзве з іх - Буда і Папова Града не адноўлены.

Кожны трэці жыхар Беларусі згарэў у бязлітасным полымі вайны. Не было сям'і, куды б не прыйшло гора страшнай страты.

З першых хвілін вайны на ўсіх франтах завязалася жорсткая барацьба. Да смерці стаялі пагранічнiкі, змагаючыся ў поўным акружэнні. Да апошняга біўся несмяротны гарнізон Брэсцкай крэпасці. У тыле зямля гарэла пад нагамі захопнікаў. Такога масавага партызанскага руху, як у нашай краіне, яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва.

Звяртаючыся да прысутных ля помніка загінуўшым землякам, ваенны камісар Чэрвенскага і Бярэзінскага раёнаў падпалкоўнік Дзмітрый Сініцкі, сказаў:

— У памяці няма тэрміну даўніны, асабліва ў дачыненні да тых дат і падзей, якія выпакутаваны мільёнамі людзей, якія адклікаюцца болем у лёсах многіх пакаленняў і нагадваюць аб сабе сотнямі воінскіх пахаванняў. Мы ўдзячны ветэранам за Вялікую перамогу, за свабоду і незалежнасць беларускай зямлі. У сваю чаргу, мы мусім зрабіць усё магчымае, каб жахі той вайны больш не паўтарыліся. Мы бачым, што ля нашых межаў неспакойна, а таму павінны быць гатовымі ў любы момант устаць на абарону сваёй Айчыны. І галоўнае - мы павінны згуртавацца як народ, як нацыя, толькі тады мы выстаім перад любымі пагрозамі і выклікамі.

Пра мужнасць і адвагу воінаў гаварыў і настаяцель Чэрвенскага храма Мікалая Цудатворца протаіерэй Аляксандр Лазоўскі.

Роўна ў 12 гадзін схілілі галовы чэрвенцы ў хвіліне маўчання.

А потым усклалі кветкі да падножжа помніка. У ганаровай варце замерлі піянеры.

Галіна Гамеза. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць