На мітынг сабраліся працоўныя калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў горада і раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны працы, школьнікі.
Перад прысутнымі выступіла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Лідзія Шчацінка. У сваёй прамове яна адзначыла, што ў Чэрвеня — багатая шматвяковая гісторыя, поўная падзей і здзяйсненняў: «Пакаленні чэрвенцаў у розныя часы славіліся сваімі знакамітымі землякамі, працавітасцю і добрасардэчнасцю, імкненнем да мірнага жыцця і ўзаемнай павазе. Сімвалічна, што дзень нараджэння горада мы святкуем напярэдадні Дня незалежнасці, калі адзначаецца і дата вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У цяжкія часы, калі на нашу зямлю прыходзіў вораг, лепшыя сыны і дочкі Чэрвеншчыны аддавалі жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы, ахвяравалі сабой, каб будучыя пакаенні не ведалі вайны і нягод, болі і страху. У мірныя гады чэрвенцы будавалі эканіміку, развівалі сельскую гаспадарку і прамысловасць, культуру і сацыяльную сферу, аддаючы сваю працу, час і сілы ў імя агульнага дабра. Усё гэта мы павінны памятаць, бо без памяці пра мінулае няма будучыні. Як кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын скажу, што ва ўсім, чым багаты і славуты наш горад, жанчыны адыгрывалі і адыгрываюць вялікую ролю. Нароўні з мужчынамі яны змагаліся з ворагам, на сваіх плячах выносілі цягады пасляваеннай разрухі, адбудоўвалі народную гаспадарку, а сёння паспяхова працуюць у самых розных галінах, а многімі і кіруюць. Жанчыны - гэта мудрасць мiру, яны любую праблему імкнуцца вырашыць бесканфліктна, таму давайце будзем часцей прыслухоўвацца да жаночага голасу, які захоўвае спакой і ўтульнасць. Няхай над нашым горадам заўсёды ззяе мірнае сонца, як сёння, няхай у дамах жыхароў будзе згода, любоў і ўзаемаразуменне, няхай праца нашых землякоў памнажае ўсё добрае, што ўжо ёсць, і няхай маладым пакараюцца новыя вяршыні і здзяйсняюцца мары!»
Ад імя юнага пакалення слова ўзяла выпускніца чацвёртай школы, залатая медалістка Валерыя Бендзь. Дзяўчына з хваляваннем расказала, што ад імя ўсіх чэрвеньскіх юнакоў і дзяўчат абяцае старэйшаму пакаленню любіць сваю малую радзіму, быць дастойнай зменай старэйшаму пакаленню і заўсёды памятаць, якую цану наш народ заплаціў у Вялікай Айчыннай вайне за сённяшні мiр у краіне.
Памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі хвілінай маўчання.
Да помніка загінуўшым воінам і партызанам Чэрвеншчыны ўсклалі кветкі ад кіраўніцтва горада і раёна, грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара