Сёлетні год для Георгія Каралькевіча — юбілейны: тры дзесяцігоддзі таму прыйшоў ён працаваць у «Раванічы». Так што лік перавезенага ім за гэты час збожжа ад камбайнаў ідзе ўжо на дзясяткі тысяч.
— Ураджай неблагі, так што, мяркую, будзе і другая тысяча, і трэцяя, — кажа вадзіцель. — Галоўнае, каб не падвёў мой «жалезны конь», які ўжо не малады.
З радасцю ўспрыняла навіну аб працоўнай перамозе мужа жонка Раіса:
— Ён у мяне дужа ўвішны і заўсёды ў перадавіках. Разам мы выгадавалі дваіх дзяцей, маем траіх унукаў. На выхадныя, калі ўсе збяруцца ў Раванічах, спяку торт — адзначым тысячу.
Бачачы, як муж апантана працуе, як стамляецца, падтрымліваю яго, наколькі магу: раблю кампоты, каб браў з сабой, рыхтую смачную вячэру, узяла на сябе ўсе клопаты па хатняй гаспадарцы.