– Напачатку было неяк дзіўна, што нам выпала святкаваць у адной кампаніі з нафтавікамі і газавікамі, – кажа дырэктар філіяла Святлана Тапырык. – Але пазней прыйшло ўсведамленне: паліўная галіна – не менш значная, чым першыя дзве. Прынамсі, сваю місію – несці цяпло ў дамы людзей і грамадскія будынкі – мы выконваем годна.
Стабільная праца прадпрыемства сёння магчымая, дзякуючы шчыраванню нашых работнікаў, найперш тых, хто аднойчы прыйшоў і затрымаўся ў калектыве на два-тры дзесяцігоддзі. Сярод іх – вадзіцель аўтамашыны Аляксандр Кудзіновіч, трактарыст Мікалай Кацько, вадзіцель пагрузчыкаў Уладзімір Сушкевіч, станочнік Віктар Сушыцкі. Удала ўліліся ў калектыў дрывасек-распілоўшчык Васіль Тамковіч і дрывасек Віталь Кіклевіч.
Разам з рупліўцамі, на якіх трымаецца філіял, мы ў мінулым дзесяцігоддзі перажылі няпростыя часы, калі з-за актыўнай газіфікацыі істотна знізіліся аб’ёмы рэалізацыі цвёрдага паліва. Даводзілася шукаць іншыя крыніцы збыту прадукцыі, асвойваць замежны рынак. З мінулага года сітуацыя карэнным чынам змянілася. Дагэтуль цяжка растлумачыць чаму, але трывалы попыт на дровы аднавіўся. Магчыма, пачалі выходзіць на пенсію і вяртацца з гарадоў у вёскі іх былыя жыхары. Ва ўсякім разе, за мінулы год і восем месяцаў гэтага мы павялічылі рэалізацыю дроў удвая…
Святлана Тапырык прызнаецца, што раптоўны рост попыту напачатку стаў для філіяла нечаканасцю: у пэўны момант задавальняць заяўкі на дровы, які павінны выконвацца на працягу месяца, ледзь спраўляліся. Давялося запусціць дадатковы дрывакольны станок, які калісьці паставілі на кансервацыю, працаваць дапазна і нават у выхадныя.
Сёння перапрацоўкай драўніны ў філіяле займаюцца восем работнікаў на пяці станках. За месяц яны нарыхтоўваюць калі тысячы кубаметраў гатовых дроў. Імі забяспечваюць не толькі насельніцтва, але і ўстановы сацыяльнай сферы раёна, вайсковыя часці. Акрамя дроў, каля 40 працэнтаў у аб’ёмах продажу цвёрдага паліва займае брыкет. Агульная выручка ад рэалізацыі прадукцыі на прадпрыемстве за сем месяцаў павялічылася на 23 працэнты. Дзякуючы гэтаму, удалося кампенсаваць страты ад спынення экспартных паставак.
– Наколькі дазваляюць фінансавыя магчымасці, клапоцімся пра дабрабыт работнікаў, – адзначае Святлана Тапырык. – Яны маюць годны заробак. Створаны належныя бытавыя ўмовы: ёсць гардэроб, пакой адпачынку з халадзільнікам і мікрахвалевай печчу, душ і нават парылка.
Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто працуе ў філіяле, за тое, што мы – адна дружная каманда, якая, пераадольваючы цяжкасці, трымаецца на плыву. У пярэдадзень прафесійнага свята шчыра зычу ўсім моцнага здароўя, шчасця і ўсіх зямных даброт! Разам мы можам многае!
Ігар АДАМОВІЧ
На здымках: галоўны інжынер Іван Граблюк, дырэктар філіяла Святлана Тапырык, галоўны бухгалтар Наталля Лазовік і дыспетчар Анжэла Ліхадзіеўская; Аляксандр Кудзіновіч і Мікалай Кацько; Васіль Тамковіч, Віктар Сушыцкі і Віталь Кіклевіч; Уладзімір Сушкевіч.