Міхаіл Кавалёў з вёскі Аточная Слабада распавёў, што ў раёне праблема здаць адходы на перапрацоўку. Нарыхтоўчыя пункты не прымаюць ПЭТ і шкляныя бутэлькі, толькі шклабой. Другой скаргай Міхаіла Цімафеевіча была адсутнасць кантэйнераў для раздзельнага збору смецця.
Дапамагчы разабрацца ў праблеме «Раённы веснік» папрасіў дырэктара Чэрвенскай ЖКГ Аляксандра Фомчанка:
– У Чэрвені і Смілавічах ад Чэрвенскай ЖКГ працуюць прыёмныя пункты другасных матэрыяльных рэсурсаў, у якіх вядзецца нарыхтоўка адходаў паперы і кардону (па 15 капеек за кілаграм), шклабою (па 14 капеек за кілаграм) і ПЭТ-бутэлек (па 40 за кілаграм). Усе жадаючыя могуць здаваць другсыравіну на перапрацоўку, зарабляючы пры гэтым грошы. У населеных пунктах раёна існуюць кантэйнерныя пляцоўкі з раздзельным зборам адходаў: шкла, макулатуры, ПЭТ-бутэлек. У Атачнай Слабадзе ўстаноўлены кантэйнер для збору ПЭТ-бутэлек. Шкляныя бутэлькі ЖКГ сапраўды прымае толькі шклабоем, але ёсць іншыя арганізацыі ў горадзе, якія прымаюць шклотару.
А вось што распавёў намеснік дырэктара Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода Алег Каліта:
— У буднія дні з 10.30 да 11.30 у пункце здачы шклотары завод прымае бутэлькі. Прыём вядзецца з боку вуліцы Чапаева. Кошт залежыць ад вiду шклотары. Напрыклад, шрубавыя бутэлькі 0,5 літра каштуюць 16 капеек за штуку, а шрубавыя і простыя бутэлькі 0,7 літра па 18 капеек.
Вольга ДЗЯМЕНКАВЕЦ

