На выставе былі прадстаўлены розныя віды творчасці — карціны, вышыўка, саломапляценне, ганчарныя вырабы і многае іншае. Экспанаты бібліятэкі былі… ядомымі!
Уладзімір Навіцкі пазнаёміўся з усімі аўтарамі прадстаўленых работ.
Таксама кіраўнік раёна паразмаўляў з прадстаўнікамі міні-пляцовак Беларусбанка, РАНС, райбальніцы, рэдакцыі, ТЦСАН, цэнтральнай бібліятэкі, якія ўдзельнічалі ў выставе.
Падчас выставы можна было памераць артэрыяльны ціск, пагутарыць з медыкамі, атрымаць фінансавую кансультацыю ў супрацоўнікаў банка, даведацца аб правілах бяспекі пры падрыхтоўцы да зімовага ацяпляльнага сезона.
Можна было таксама выпісаць раённую газету і сфатаграфавацца на памяць у сумеснай фотазоне «Раённага весніка» і аддзялення «Белпошты».
У актавай зале на сцэну запрашалі самых актыўных ветэранаў працы для ўручэння Падзяк і Падзячных лістоў, дыпломаў і грамат.
Узнагароды ўручылі Уладзімір Навіцкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка, старшыня раённага Савета ветэранаў Фёдар Шчурок, дырэктар ТЦСАН Людміла Шаркова.
Павіншаваць пажылых людзей з надыходзячым святам прыбыў патрыятычны атрад «Дазор» разам са сваім кіраўніком, воінам-інтэрнацыяналістам Віктарам Казачонкам.
Хлопцы брава прамаршыравалі па зале, спявалі, чыталі віншавальныя вершы. Малады запал юных патрыётаў вельмі натхніў усіх прысутных у зале, яны самі як быццам памаладзелі.
У канцэртнай праграме выступілі ансамбль аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН «Ігуменскі настрой», вакалісты РЦКіД і народны ансамбль народнай песні «Вербніца».
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара