Сёння пяцёра навучэнцаў Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя і першы сакратар райкама БРСМ Дзмітрый Кананкоў у рамках акцыі дапамаглі пажылому чэрвеньскаму пенсіянеру навесці парадак на яго падворку.
Мікалай Мікалаевіч Яфімчык жыве ў прыватным доме на вуліцы Гарбачова. Яму ўжо за восемдзесят, і спраўляцца са ўсімі гаспадарчымі работамі пажылому чалавеку ўжо фізічна цяжка. Дзмітрый Кананкоў расказаў, што адрас пенсіянера, які мае патрэбу ў дапамозе, райкаму падказалі ў раённым савеце ветэранаў:
— Старшыня савета ветэранаў Фёдар Шчурок удакладніў, каму трэба дапамагчы, і даў нам адрас Мікалая Мікалаевіча. Пенсіянер сустрэў нас сардэчна, з усмешкай, расказаў, што трэба рабіць. Мы з хлопцамі складалі дровы, прыбіралі лісце пад садовымі дрэвамі, навялі парадак вакол адрын.
Праца на ўчастку Мікалая Яфімчыка — адна з першых запланаваных спраў у рамках дабрачыннай акцыі. У планах — дапамога пажылым людзям, ветэранам, інвалідам, дзецям-сіротам.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Дзмітрыя КАНАНКОВА

