Наталля Піляк з аграгарадка Любішына паскардзілася, што апошнім часам бухгалтэрыя Чэрвенскай ЖКГ не дае паведамлення на аплату камунальных паслуг.
- Мы плацім, але не ведаем за што, - кажа Наталля Пятроўна.
Таксама яе хвалюе добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі шматкватэрнага жылога дома №1 па вуліцы Спартыўнай у Любішыне.
- Дзякуй вам вялікі за капітальны рамонт нашага трохпавярховага і трохпад'езднага жылога дома. У ім жыве шмат маладых сем'яў з дзеткамі, а дзіцячай пляцоўкі няма! Арэлі старыя і тыя зламаныя. Тэрыторыя нашага двара травой зарасла. І, люк трэба замяніць, некалькі гадоў таму даўно ён асеў і амаль праваліўся пад зямлю, - кажа Наталля.
Уладзімір Навіцкі даручыў першаму намесніку Аляксандру Гадуну і дырэктару Чэрвенскай ЖКГ Аляксандру Фомчанку паглядзець дваровую тэрыторыю і вырашыць, як можна яе ўладкаваць.
Другі зварот быў жыхаркі Дамавіцка Людмілы Лепеш. Яе хвалюе перспектыва развіцця населенага пункта і магчымасць асфальтавання дарожнага палатна ад вёскі Дамавіцк да Новага шляху.
- У нашай вёсцы шмат ветэранаў працы і людзей, якія заслугоўваюць падзяк. Але пасля закрыцця Дома культуры іх перасталі ўшаноўваць арганізацыі. Было б нядрэнна арганізоўваць вечарыны-сустрэчы для пенсіянераў. Жадаецца, каб вёска далей жыла і развівалася, - кажа Людміла Аляксееўна.
Уладзімір Навіцкі даручыў Чэрвеньскаму раённаму цэнтру культуры і вольнага часу, работнікам прафсаюза і прафсаюза АПК прааналізаваць спісы жыхароў Калодзежскага сельсавета і ў тым ліку, вёскі Дамавіцк, для віншавання заслужаных людзей з юбілейнымі датамі і прафесійнымі святамі.
Вольга Дземянкавец

