Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

06 Снежань 2022

Свечка даедзе да Пекіна? Алена Забаронак навучыла кітайскіх студэнтаў працаваць з вашчынай

У выхадныя Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей удзельнічаў у пятым Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ў Мінску. Быў прадстаўлены турыстычны маршрут «Падарожжа па Ігуменскаму тракту» з інтэрактыўнымі пляцоўкамі, якія карысталіся вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў.

Як распавяла дырэктар музея Алена Забаронак, выбіраючы тэмы пляцовак, вырашылі выкарыстаць спадчыну ігуменскай зямлі:

— Мы не маглі пакінуць без увагі імя такога знакамітага земляка, як Хаім Суцін, тым больш, што ў нашым раёне, у Смілавічах, ёсць яго музей, дарэчы, адзіны ў свеце. Таксама вырашылі прыцягнуць увагу наведвальнікаў да нашага старажытнага герба горада, з яго працавітымі пчоламі. А так як найлепш запамінаецца тое, у чым браў удзел уласнымі рукамі, то мы вырашылі прапанаваць наведвальнікам самім стварыць карціны па тым жа сюжэце, што і ў Хаіма Суціна. Бачылі б вы, якія гэта былі цудоўныя, непасрэдныя і нават вясёлыя работы! Карціны Суціна выглядаюць на першы погляд проста, але, як пераканаліся нашы наведвальнікі, каб узнавіць тыя ж натуралістычныя тры селядцы з карціны «Нацюрморт з селядцамі», трэба добра пастарацца!

Старэйшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч расказала, што таксама падчас форуму на пляцоўках нашага музея наведвальнікаў вучылі рабіць свечкі з вашчыны і збіраць багаж па старажытных правілах, якія калісці выкарыстоўваліся фурманамі, якія перавозілі людзей па Ігуменскім тракце.

На форуме было шмат замежнікаў, і на адну з нашых пляцовак яны таксама звярнулі ўвагу: кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэце культуры, зацікавіў выраб свечак з вашчыны. Навучанне гэтаму духмянаму рамяству праводзіла Алена Забаронак:

— Кітайцаў прывялі ў захапленне і пах мёду ад вашчыны, і тэкстура матэрыялу, і працэс стварэння саміх свечак, і, вядома, тое, што ўсе вырабленыя сувеніры нашы «кліенты» забіралі з сабой як падарунак ад нашага горада і музея! Кітайскія студэнты распавялі, што раней такога не бачылі і нават не ведалі, што пчолы могуць вось так апасродкавана «ўдзельнічаць» у стварэнні свечак. Планавалі павезці гэтыя свечкі нават дадому, у Кітай, калі вытрываюць не выкарыстоўваць іх у інтэрнаце, бо свечкі такія духмяныя, яны ствараюць непаўторную хатнюю атмасферу!

Такім чынам, магчыма, наша чэрвеньская васковая свечка і дабярэцца да Кітая. Будзе цудоўна, калі яе запаляць дзе-небудзь у далёкім Пекіне ці Шанхаі, і яна падорыць беларускае цяпло і водар людзям за тысячы кіламетраў ад Чэрвеня.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ірыны ВАБІШЧАВІЧ

Інвестыцыйныя прапановы

    Турыстычныя аб'екты раёна

    скінуць