У цэнтральнай раённай бальніцы адказалі, што з 5 па 11 снежня ў бальніцу з галалёднымі траўмамі звярнуліся двое дарослых і адно дзіця. Шпіталізацыя пацярпелым не спатрэбілася, адпраўлены на амбулаторнае лячэнне. Факт сведчыць аб тым, што ў самыя экстрэмальныя па пагодных умовах днi жыхары імкнуцца не выходзіць на вуліцу, каб не траўміравацца. Трэба самім клапаціцца пра здароўе і не рызыкаваць.
У электрасетках, начальнік Сяргей Тукай, і РАНС, начальнік Яўген Кулага, заявілі, што 32 населеныя пункты раёна засталіся ў нядзелю без святла з-за абрыву правадоў з прычыны абледзянення. На раніцу 12 снежня 7 яшчэ не былі падключаны.
У ДРБУ-121, в.а. начальніка Аляксандр Халадок, запэўнілі, што ўся наяўная тэхніка працуе на дарогах, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці дарожнай арганізацыі па чатырох кірунках паміж населенымі пунктамі. У вёсках, як правіла, дарогу чысціць тэхніка гаспадарак, на тэрыторыі якіх яны размешчаны.
Так, канстатуем, што да абеду панядзелка асноўныя дарогі паміж населенымі пунктамі былі расчышчаны.
— Але ж нам трэба, каб гэта было зроблена да раніцы панядзелка! – усклікаюць нашы чытачы. - Дарожныя службы і ЖКГ павінны выконваць такія работы папераджальна.
Такія ж прэтэнзіі мы адрасавалі дырэктару Чэрвенскай ЖКГ Аляксандру Фомчанку.
— Для ліквідацыі наступстваў моцных ападкаў і галалёдзіцы задзейнічаны ўсе 12 адзінак тэхнікі прадпрыемства і 15 прыцягнутага транспарту іншых арганізацый, — сказаў ён. - Паверце, працуем ва ўзмоцненым рэжыме. Скаргаў, званкоў шмат. Хвалююць жыхароў вялізныя снежныя бардзюры па краі дарог. Вываз снегу з плошчы і цэнтральных вуліц зробім на гэтым тыдні.
Але і ў нас да жыхароў ёсць просьба аб разуменні і дапамозе. Некаторыя так адвыклі ад фізічнай працы, што лянуюцца ачысціць ад снега тэрыторыю каля пад'езда і вакол сваёй машыны.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

