Улада Анопчык узяла Гран-пры, Паліна Маскалёва, Ульяна Іўкіна, Ангеліна Адуцкевіч і Ксенія Вілюга — лаўрэаты l ступені. Каб бліжэй пазнаёміць чытачоў з гэтымі таленавітымі дзяўчынкамі, мы разам з іх выкладчыцай Таццянай Пенкрат паспрабавалі ў двух словах, ці, як кажуць мастакі, парай мазкоў ахарактарызаваць самае галоўнае.
Ангеліна Адуцкевіч. Пяшчота.
Мілая хатняя дзяўчынка, любіць маляваць прыроду, праз сюжэты сваіх карцін раскрывае цяпло сям'і і пяшчоту мамінай любовi. «Усім патрэбна мама — і качанятам, і кацянятам!»
Улада Анопчык. Яркасць і мэтанакіраванасць.
Любіць казкі і смела прыўносіць у сюжэты нешта незвычайнае ад сябе. Марыць стаць мастачкай, і гэта ёй ужо ўдаецца: за два месяцы выйграла два Гран-пры на міжнародных конкурсах!
Ульяна Іўкіна. Працавітасць, прыгажосць і зацятасць.
Любіць прыроду і самых розных жывёл. Малюе самымі яркімі і далікатнымі фарбамі - такімі ж, як яна сама.
Ксенія Вілюга. Сябар усіх катоў і сабак.
Любіць прыроду, вёску, жывёл. Па-добраму прыкмячае цікавыя моманты. Маленькі патрыёт, які паказвае на сваіх карцінах прыгажосць беларускай прыроды. «Так я ўяўляю сябе, калі б я жыла ў вёсцы!»
Паліна Маскалёва. «Вінгардыум Левіоса!»
Эмацыйная і жыццярадасная Паліна захоплена таямніцамі, магіяй і чараўніцтвам, прыхільніца «Патэрыяны». На фота - адна з яе работ пад назвай «Таямніца чароўнага зелля».
Якія ж яны малайчыны, як прыгожа малююць! Ужо сёння можна рабіць галерэю! Колькі яшчэ цудоўных сюжэтаў прыйдзе ў гэты свет дзякуючы вашаму бачанню свету, стараннасці і таленту гэтых мілых дзяўчынак! Няхай іх шлях будзе як іх карціны - яркім і нясучым дабро і святло.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Таццяны ПЕНКРАТ