– Вырабляць і прадаваць самагон, у тым ліку для асабістых патрэб забаронена. Закон выразна абвяшчае: нельга вырабляць напоі крэпасцю больш за сем градусаў, захоўваць і перавозіць іх у вялікіх колькасцях, а таксама гандляваць імі. Акрамя таго, забарона распаўсюджваецца на сыравіну і апараты для вырабу самагонкі.
У адпаведнасці з артыкулам 13.27 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконны выраб самагону, брагі, захоўванне самагонных апаратаў прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй вышэйназванай прадукцыі.
А за незаконную рэалізацыю нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, этылавага спірту, у тым ліку нехарчовага, як і за захоўванне больш за пяць літраў такой прадукцыі (артыкул 13.21 КоАП РБ) пагражае штраф да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадукцыі.
Напрыклад, жыхарка нашага раёна ў маі мінулага года вырабіла дома самагонку і расплачвалася ёй з суседам за выкананне сельскагаспадарчых работ. Жонка мужчыны паведаміла аб гэтым у міліцыю: маўляў, спойвае мужа. Супрацоўнікі РАУС знайшлі і канфіскавалі ў гаспадыні літр самагону, 26 літраў паўфабрыкатаў для яго вырабу і самагонны апарат. Вынік - штраф і сапсаваныя адносіны з суседкай.
А ўсяго ў мінулым годзе супрацоўнікі РАУС канфіскавалі з незаконнага абароту больш за 40 літраў самагону, самагоннай брагі і іншай алкагольнай прадукцыі, а таксама канфіскавалі два самагонныя апараты. Складзена сем адміністрацыйных пратаколаў. Аб эфектыўнасці прафілактычных мерапрыемстваў сведчыць тое, што ў раёне - нулявыя паказчыкі смяротнасці ад атручэння сурагатамі алкаголю.
Дарэчы, змагацца з самагоншчыкамі дапамагае інфармацыя, якая паступае на «гарачую лінію» РАУС. Калі вы валодаеце звесткамі аб грамадзянах, якія займаюцца самагонаварэннем, незаконным продажам алкагольнай, спіртазмяшчальнай прадукцыі дома, паведамляйце аб гэтым па тэлефонах 102 або +37529 7794798 у аператыўна-дзяжурную службу Чэрвеньскага РАУС. Ананімнасць гарантуецца.
Нагадваем, што кожную сераду з 10 да 13 гадзін у сельскай мясцовасці і з 17 да 20 гадзін у г. Чэрвені ў грамадскіх пунктах аховы правапарадку ўчастковыя інспектары міліцыі РАУС праводзяць штотыднёвы прыём грамадзян. Усе жадаючыя могуць звярнуцца да праваахоўнікаў па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў.
Ігнат ЛІПЕНЬ

