Тады ніхто не мог выказаць здагадку, што невялікая музейная экспазіцыя зусім хутка стане паўнавартасным музеем, у 2015 годзе адкрыецца трэцяя зала, дзе будзе прадстаўлена творчасць яшчэ аднаго мастака Парыжскай школы, ураджэнца Смілавіч, Шрагі Царфіна, а ў 2018 годзе пачне працаваць выставачная зала для экспазіцыі зменных выставак сучасных беларускіх мастакоў. За 15 гадоў плённай працы музей «Прастора Хаіма Суціна» ператварыўся ў паўнавартасную культурна-адукацыйную прастору, якая прыцягвае турыстаў і прыхільнікаў мастацтва з усяго свету. А іх за ўсе гады было больш за 30 тысяч, у тым ліку 7000 турыстаў з блізкага і далёкага замежжа. Рэалізаваны дзясяткі творчых праектаў. Ужо сёння ідзе праца над рэалізацыяй праекта «Адкрытая музейная пляцоўка «Смілавічы. Спадчына». Працягваюць традыцыі вялікіх майстроў і радуюць сваімі творчымі поспехамі і юныя мастакі ўзорнай студыі «Вулей».
Сімвалічным падарункам да 15-годдзя музея і 130-годдзя з дня нараджэння Хаіма Суціна стала творчае пераасэнсаванне навучэнцамі незнаёмых раней старонак з жыцця і творчасці мастака ў Смілавічах. Выстава «Хаім Суцін. Вяртанне…» – гэта адлюстраванне хлопцамі свайго эмацыйнага ўспрымання асобы Хаіма Суціна і яго жыццёвых перыпетый.
З днём нараджэння «імянінніка» прыехалі павіншаваць даўнія сябры музея, тыя, хто стаяў ля вытокаў яго стварэння, хто і сёння падтрымлівае.
Які падарунак перадаў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, чаму архітэктар Галіна Левіна зноў і зноў прыязджае ў музей «Прастора Хаіма Суціна», хто прапанаваў назваць Смілавічы арт-мястэчкам і чаму французы прыйшлі ў «святое трапятанне», убачыўшы працы выхаванцаў студыі «Вулей»? А таксама для каго «Ева» стала талісманам і як дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі прыняў «Прастору Хаіма Суціна» ў музейную супольнасць? Пра гэта чытайце ў друкаваным нумары газеты «Раённы веснік».
Вікторыя КАХРАМАН. Фота аўтара