Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 850

22 Жнівень 2023

Першы міжрегіянальны фестываль «Сваякі» адбыўся ў Чэрвеньскім раёне

У мінулыя выхадныя, у суботу і нядзелю наш раён сустракаў удзельнікаў першага міжрэгіянальнага фестывалю»Сваякі». Задумка такога фармата мерапрыемства належыць мясцовай жыхарцы вёскі Шасціснопы Вользе Манюшка.

Раённы цэнтр культуры і адпачынку пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта вырашыў ўвасобіць цікавую ідэю і кінуў кліч у розныя рэсурсы інтэрнэту з запрашэннем на фестываль удзельнікаў творчых калектываў, у назве якіх ёсць слова «сваякі». Тых, хто зацікавіўся праектам, было не мала. Але з-за розных абставінаў даехаць да слаўнага горада Чэрвеня змаглі тры калектывы: «Сваякі» з Валожынскага, Асіповіцкага раёнаў, «Сваякі сударушак» з Гомеля. Чэрвеньскі раён прадстаўлялі» «Шасціснопскія сваякі».

Каб фестывалю жыць

Сустракалі гасцей з хлебам з соллю ў Смілавіцкім сельвыканкаме, размясцілі камфортна ў турыстычным цэнтры. На адкрыцці фестывалю ў гарпасялковым Доме культуры ўдзельнікаў вітала кіраўнік спраў райвыканкама Ларыса Яфіменка. Яна адзначыла, што беларуская песня жыве дзякуючы такім творчым калектывам. Самадзейныя артысты перадаюць маладым пакаленням прыгажосць, унікальнасць фальклорных песень.

У вёсцы Шасціснопы, куды далей накіраваліся ўдзельнікі фестывалю, на мітынгу ля помніка загінулым воінам землякам схілілі галовы ў пашане і ўдзячнасці за мірнае неба і спакойнае жыццё. Арганізатары свята беларускай песні прапанавалі кіраўнікам калектываў перарэзаць сімвалічную стужку адкрыцця і пацвердзіць свой удзел, замацаваўшы на дрэве жаданняў індывідуальны замочак.

Россып матчынных песень

У маладзёжным парку вёскі ў чаканні канцэрта сабраліся мясцовыя жыхары. Сумаваць ім не давялося. Дзеці з задавальненнем каталіся з велізарнай надзіманай горкі, на каруселях, разгадвалі загадкі, атрымліваючы прызы. Дарослыя маглі паспрабаваць і купіць мёд новага ўраджаю, розныя прадметы хатняга прызначэння, асвяжыцца ахаладжальнымі напоямі.  Добра, што прысесці было дзе, а вялікія дрэвы давалі дастаткова цені ў гарачы дзень.

Наталля, мясцовая:

— Мне вельмі падабаецца, калі ў нашай вёсцы арганізуюць святы. Улетку тут жыве ўдвая больш народу, чым зімой, шмат дзяцей. Добра, што ёсць такія забавы. Рада ўбачыць тут сваіх знаёмых. Сабраліся, каб паслухаць якія яшчэ «Сваякі » ёсць у Беларусі. Былі прыемна здзіўлены, што наш куток наведалі калектывы з іншых абласцей. Цікава пачуць якія песні спяваюць яны.

Каб падбадзёрыць гасцей, першым выйшаў на сцэну чэрвеньски гурт «Вербніца».

Упэнена, весела, артыстычна яны «завялі» гледачоў з першай песні, запрошваючы падпяваць і танчыць разам з імі. Дзякуючы такой вольнай абстаноўцы, нашы госці выходзілі на сцэну адзін за адным стасуючыся з гледачамі прама са сцэны, запрошваючы іх падтрымаць калектывы.

І ў горы, і ў радасці

Народны ансамбль народнай песні «Сваякі» з Асіповіцкага раёна складаецца з членаў адной сям’і. У мінулым годзе на рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці» калектыў атрымаў другое месца.

— Не ведаю, як бы жыў, калі б у маім жыцці не было песні і такога сяброўскага калектыву, — прызнаецца яго кіраўнік Аляксандр Яршоў. — Часам бачыш, як родныя людзі жывуць як кот з сабакам. Пра нас такога сказаць нельга. Мы і ў горы, і ў радасці разам.

Рэпертуар народнага гурта «Сваякі» з Валожынскага раёна ўключае ў сябе не толькі беларускія народныя песні, але і ўкраінскія, і рускія, а таксама байкі і мініяцюры, таму калектыў заўсёды запатрабаваны сярод насельніцтва. Так расказвае пра поспехі калектыву яго кіраўнік Дзмітрый Завацкі. У састаў калектыву ўваходзіць сем удзельнікаў.

Па меркаванню шматлікіх слухачоў, якія прысутнічалі на фестывалі, выступленне валожынцаў было адно з самых лепшых і яркіх.

З далёкага Гомеля завіталі да нас на фестываль «Сваякі-сударушкі», кіраўнік Валерый Карнаушанка.

— У складзе гурта, — кажа ён, — Сем жанчын і я. Спяваем і старадаўнія песні, і беларускія народныя ў сучаснай апрацоўцы. Гэта добра ўспрымаюць нашы ўнукі. Вельмі ўражаны прыёмам на чэрвеньскай зямлі. Наш калектыў гастралюе і у Расіі, і ў Беларусі, але лепш за ўсіх нас прымалі тут.

Сяброўкі Ніна і Людміла ўжо амаль дваццаць гадоў наведваюць ансамбль.

— Мы ўсе святы, юбілеі адзначаем разам. Любыя вячоркі сканчаюцца спевамі. Знаёмыя, сябры дзівяцца такому доўгаму супрацоўніцтву. Мы дапамагаем адзін аднаму і рамонты рабіць, і святы арганізаваць, і ў цяжкую хвіліну першымі прыходзім на дапамогу. Нас аб’ядноўвае, ў першую чаргу, любоў да песні, радуе, калі задаволены глядач. Гэта нам дае столькі новай энергіі.

Пазітыў ад смілаўчан

Паказалі сябе ва ўсім харастве калектывы падчас шэсця ў Смілавіцкім амфітэатры на другі дзень фестываля. У нядзелю здзіўляліся і апладыравалі творчым калектывам смілаўчане. Які год радуе землякоў Смілавіцкі народны хор. у прыгожых касцюмах, з добрым настроем, пазітывам яны выдаюць столькі запалу, энергіі!

Нягледзячы на спякотны дзень, у амфітэатр прыйшлі з дзецьмі, цікавіліся пляцоўкамі ўстаноў адукацыі пасёлка. Кожны жадаючы тут мог прапанаваць напродаж свае вырабы, як зрабіла Вера Канстанцінава, васьмікласніца другой смілавіцкай школы.

Яе завушніцы, кулоны, каралі і бранзалеты падабаліся пакупнікам. Яны затрымліваліся ля століка дзяўчыны, любуючыся яе вырабамі, якія яна выканала самастойна. Адным словам, самабытнай творчасці не было межаў у гэты дзень у Смілавічах.

Гэта было захапляльна!

Але, мабыць, самым відовішчным было калектыўнае выкананне народнага танца гапак. Яго можна танцаваць парамі, а можна і цэлым ланцужком. Роўныя паралельныя шэрагі самадзейных артыстаў адначасова выконваючы рухі танца, зачароўвалі і захаплялі. Вось так мы адраджаем яшчэ і народныя танцы.

 (Калі хто не бачыў відэа з танцам, можна паглядзець у інстаграм за 20 жніўня на старонцы «Навіны Чэрвеньшчыны» — ад рэдакцыі).

Арганізаваць и правесці фестываль на годным узроўні дапамаглі ААТ «Запольскае», «10 зъезд Саветаў», лясгас, установы адукацыі пасёлка Смілавічы, прадпрымальнік Марыя Захаранка.

Закрываючы фестываль, развітваючыся з удзельнікамі і гледачамі, намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Лідзія Шчацінка сказала:

— Першы міжрэгіянальны фестываль скончыўся, падарыўшы ўсім удзельнікам і гледачам задавальненне і выдатныя ўражанні. Усе калектывы атрымалі дыпломы лаўрэатаў. Чакаем наступнага фестывалю.

Галіна Гамеза. Фота аўтара 

Інвестыцыйныя прапановы

    Турыстычныя аб'екты раёна

    скінуць