Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 850

25 Жнівень 2023

Дзяніс Трапашка: “Мы згуляем у фінале Кубка вобласці з расплюшчанымі вачыма, у якіх будуць запал і жаданне перамагчы!”

Дзяніс Трапашка: “Мы згуляем у фінале Кубка вобласці з расплюшчанымі вачыма, у якіх будуць запал і жаданне перамагчы!”

Фінальны матч Кубка Мінскай вобласці па футболу паміж салігорскім “Партызанам” і чэрвеньскім “Коласам”, які стартуе у суботу, 26 жніўня, у 17.00 на “Барысаў-Арэне”, без перабольшання можна назваць калі не самай, то адной з самых важных гульняў для нашай каманды ў сёлетнім сезоне. Бо менавіта яе пераможца прадставіць Міншчыну ў Кубку рэгіёнаў Беларусі і атрымае шанц прабіцца ў Кубак рэгіёнаў УЕФА.

Салігорскі “Партызан” – дзеючы ўладальнік Кубка Мінскай вобласці. “Колас” выйграваў яго ў 2021 годзе, а ўсяго гэты фінал будзе для чэрвеньцаў чацвёртым за апошнія дзевяць гадоў.

Напярэдадні фінальнага матча бліц-інтэрв’ю “Раённаму весніку” даў галоўны трэнер “Коласа” Дзяніс Трапашка.

– Дзяніс Мікалаевіч, як каманда рыхтавалася да фіналу?

– Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі не было. Рыхтаваліся праз гульні Кубка Мінскай вобласці і чэмпіянату Беларусі, якія чаргаваліся. Нагрузка на хлопцаў выпала і без таго досыць сур’ёзная. 

– “Партызан” у апошніх гульнях проста змятае сапернікаў, прычым не самых слабых. Як з улікам гэтага плануецца выбудоўваць гульню “Коласа” ў фінале? І ці не ўздзейнічаюць маральна на каманду разгромы салігарчанамі “Адзінства”, “Бабоўні”, “Вікторыі”?

– Салігорскі “Партызан” нядрэнна выглядае не толькі ў апошніх гульнях.  Ён – фаварыт другой лігі ўжо трэці сезон. На нашу каманду гэта ніяк не ўздзейнічае і не павінна ўздзейнічаць. У “Коласе” ёсць ігракі з багатым вопытам, якія, калі спатрэбіцца, падкажуць і пакажуць, што і як трэба рабіць на футбольным полі і за яго межамі.

– Ці няма спакусы “зачыніцца” і гуляць супраць “Партызана” выключна ў абарончы футбол?

– Не, няма. Мне падабаецца атакуючы, агрэсіўны футбол на палове поля саперніка. Таму хто каго прымусіць гуляць у абарончы футбол – яшчэ пытанне.

– Наколькі можа паўплываць на малюнак гульні нашай каманды ў фінальным матчы адсутнасць з-за траўм шэрагу ключавых ігракоў: Хадневіча, Кліміхіна, Грыба?

– Вядома, вельмі крыўдна, што да такой важнай сустрэчы мы падыходзім не ў аптымальным саставе. Але гэта футбол і ад траўмаў ніхто не застрахаваны. У нас ёсць футбалісты, якія могуць закрыць праблемныя пазіцыі на футбольным полі. А што атрымаецца – зусім хутка пабачым. Карыстаючыся выпадкам, жадаю нашым траўміраваным хлопцам найхутчэйшага акрыяння.  Яны нам вельмі патрэбныя, і мы чакаем ад іх  падтрымкі прысутнасцю на “Барысаў-Арэне”!

– Ці ёсць у трэнерскага штаба “Коласа” якіясь козыры на фінальны матч, якія трымаюцца ў сакрэце і стануць для саперніка нечаканасцю?

– Мяркую, што такога вопытнага іграка і трэнера як Мікалай Януш у гэтай лізе нічым не здізвіш.  Хіба што магчымы выхад на поле нашага новага нападаючага Аляксандра Курыловіча стане козырам… Бо калі ў камандзе два траўміраваных форварды, варыянтаў застаецца няшмат.

– Ходзяць чуткі, што на хвалі эйфарыі ад разгромных перамог хтосьці з ігракоў “Партызана” сказаў, што яны абыграюць “Колас” з заплюшчанымі вачыма. Што можна адказаць?

– Малайцы хлопцы, што тут скажаш? Рэспект Мікалаю Янушу, што навучыў іх гуляць з заплюшчанымі вачыма. А мы згуляем з расплюшчанымі вачыма, у якіх будуць запал і жаданне перамагчы!

 Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ

Інвестыцыйныя прапановы

    Турыстычныя аб'екты раёна

    скінуць