Па запрашэнні Аляксандра Уладзіміравіча Залескага, педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвеня, пераможцы гэтага значнага ў сваіх колах танцавальнага конкурсу Яўген Чарняўскі і Іван Саўчанка наведалі наш цэнтр. Яны прыехалі каб пагутарыць з танцорамі-пачаткоўцамі з глыбінкі, падтрымаць іх творчыя пачынанні і навучыць майстэрству брэйк-данса. Яўген і Іван, брэйк-дансеры з вялізным танцавальным стажам, правялі для хлопчыкаў і дзяўчынак аб'яднанняў па інтарэсам «Брэйк-данс» і «Стыльна» майстар-клас «AIR» па Power moves. Гэта самы відовішчны кірунак брэйк-данса, якi адрозніваецца высокай хуткасцю пры выкананні танцавальных рухаў і патрабуе добрай фізічнай падрыхтоўкі, каардынацыі і вынослівасці танцора.
Палёт - менавіта з гэтым словам асацыюецца брэйк-данс ў нашых гасцей, і менавіта гэтаму вучылі яны пачаткоўцаў танцораў. Хлопцы актыўна разміналіся, круціліся стоячы на галаве, руцэ, спіне, выконвалі складаныя акрабатычныя рухі, ад якіх дух захоплівала. Тытулаваныя госці дзяліліся сакрэтамі выканання танцавальных рухаў, тэхнікамі брэйка, зараджалі хлопцаў і натхнялі іх.
Пасля майстар-класа ў хлапчукоў была магчымасць пагутарыць са сваімі кумірамі ў нефармальнай абстаноўцы, пажадаць ім поспеху на маючым адбыцца сусветным фінале па брэйку, які пройдзе 24 лютага ў французскім Лілі. А ў многіх дзяцей з'явілася мара: навучыцца «лётаць»!
Ірына Дарафейчык - педагог-арганізатар ГУДО «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвеня»

