Сюды запрасілі старшакласнікаў гарадскіх школ, актывістаў моладзежных арганізацый, настаўнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці. З Днём канстытуцыі, якой у 2019-м спаўняецца 25 гадоў, тых, хто сабраўся павіншаваў пракурор раёна Аляксандр Шабалінскі. Ён адзначыў, што «кожны з тых, хто сёння атрымлівае першы ў жыцці галоўны дакумент грамадзяніна Беларусі, зможа зрабіць яе багацей, сваёй працай уносячы ўклад у скарбонку дабрабыту краіны».
Разам з Аляксандрам Шабалінскім пашпарты самым актыўным 14-гадовым падлеткам Чэрвеньшчыны ўручылі пісьменнік Генадзь Аўласенка, воін-інтэрнацыяналіст Віктар Казачонак, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Марына Патапенка, дырэктар РЦКіД Алена Гоман і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Фёдаравіч Козыраў.
Па традыцыі, падчас акцыі ўручылі і членскія білеты ўступаючым ў БРСМ.
Выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Павел Клындюк прэзентаваў новы валанцёрскі атрад «Жыві сэрцам». Ён створаны ўсяго месяц таму, але хлопцы ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе ў спорце і дабрачыннасці. Асобную падзяку райкама БРСМ за актыўную працу атрымаў удзельнік атрада васьмікласнік Чэрвенскай СШ №2 Ягор Жукоўскі.
Вядучы мерапрыемства Валянцін Мароз правёў з гледачамі віктарыну на веданне геаграфіі Беларусі і дзяржаўнай сімволікі. Усе гуляўшыя атрымалі памятныя сувеніры.
З вакальнымі і танцавальнымі віншаваннямі выступілі юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦКіД.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

