Намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька і генеральны дырэктар ГА «ЖКГ Мінскай вобласці» Васіль Шашок вялі размову па тэмах Дня інфармавання. Васіль Васільевіч грунтоўна, паэтапна распавёў аб прыняцці і ўдасканаленні асноўнага заканадаўчага дакумента нашага жыцця - Канстытуцыі. Асноўнаму закону беларускай дзяржавы ў гэтым годзе - 25 гадоў. Аб будаўніцтве жылля ў раёне распавяла Ала Канстанцінаўна. Яна адзначыла, што у 2018 годзе пабудавана 15 тысяч м.кв. новага жылля, у 2019 годзе лічба ў паўтара разы больш - 24 тысячы м.кв. З іх 10 тысяч у шматкватэрных дамах. Васіль Васільевіч Шашок звярнуў увагу на Дырэктыву №7, у прыватнасці на тую частку, якая тычыцца працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён падкрэсліў, што ад якаснай працы структур ЖКГ залежыць праца іншых абласцей: адукацыі, медыцыны, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншых. Усе працоўныя карыстаюцца камунальнымі паслугамі. Падраздзяленнi ЖКГ суправаджаюць чалавека, па сутнасці, ад нараджэння і да скону. Нават і далей, так, як сыход за гарадскімі могілкамі таксама палягае ў ЖКГ. Васіль Васільевіч таксама закрануў тэму заробкаў у сістэме ЖКГ. Для разважання ён прывёў статыстычныя дадзеныя па праведзенаму аналізу ўзроўню прадукцыйнасці працы ў розных краінах да прадукцыйнасці працы ў Беларусі: у Расіі ён вышэйшы ў два разы, у Казахстане - у тры, у Польшчы - у пяць, у Германіі - у дзесяць. Заробкі там вышэй таму, што працуюць там больш і больш якасна.
На сустрэчы таксама казалі пра прафілактыку наркаманіі сярод падлеткаў, аб крымінальнай адказнасці за захоўванне і збыт наркотыкаў. Заканчваючы сустрэчу, Ала Шахоцька і Васіль Шашок павіншавалі работнікаў прадпрыемства з надыходзячым прафесійных святам - Днём работнікаў ЖКГ і бытавога абслугоўвання насельніцтва, які будзе адзначацца 24 сакавіка.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

