У кожным рэгіёне Беларусі прапануецца стварыць паркі (можна і алеі, і скверы), дзе кожны жадаючы ў гонар шлюбу, нараджэння дзіцяці і іншых важных сямейных падстаў можа пасадзіць дрэва. Побач з дрэвам можна ўсталяваць шыльду з генеалагічным дрэвам сям'і і потым самому або разам з сям'ёй даглядаць за сваім дрэвам, перадаваць клопат пра яго нашчадкам.
Мы параіліся з добраахвотніцкім атрадам «Жыві сэрцам» і вырашылі паўдзельнічаць у праекце. І вось учора мы пасадзілі алею «Гармонія і Шчасце» у моладзежным парку каля аптэкі на Барыкіна. Дэвіз нашай працы і лозунг новай алеі: «Жыві ў гармоніі і ў шчасце, жыві сэрцам - абыдуць непагадзі!»
З намі працаваў начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя - Валянцін Пузанкоў. Ён нам вельмі дапамог: не толькі сам садзіў дрэвы, але і шмат іх прывёз з сабой для пасадкі. Вялікае яму за гэта дзякуй. Некаторыя хлопцы самі таксама прынеслі свае дрэвы з прысядзібных участкаў. У далейшым мы будзем прыглядаць за сваімі «гадаванцамі», даглядаць за імі і дапамагаць расці. Спадзяюся, што калі ў хлопцаў-валанцёраў з'явяцца дзеці, іх сапраўды прывядуць на падросшую алею гармоніі і шчасця.
Павел КЛЫНДЮК, выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ

