Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
03 Красавік 2019

На Чэрвеншчыне засеялі яравымі зерневымі культурамі ўжо больш за чвэрць палеткаў

Паводле звестак райсельгасхарчу на сённяшнюю раніцу, яравыя зерневыя культуры пасеяны па раёну на 2410 гектарах, што складае 25,5 працэнта ад неабходнага. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Раванічы» гэты від работ ужо выкананы на 32,1 працэнта.

– Вядзём ўвесь комплекс веснавых палявых работ, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанід Кавалёў. – На ворыве задзейнічаны механізатар Дзяніс Гуськоў, на закрыцці вільгаці – Андрэй Навіцкі і Вячаслаў Ніціеўскі, на падрыхтоўцы глебы – Валерый Гурыновіч і Юрый Мазайскі, на сяўбе – Ігар Ігнатовіч і Юрый Сасункевіч, на ўнясенні мінеральных угнаенняў – Аляксандр Маслоўскі, Яўген Ладуцька і Валерый Бярдзянаў.

Вялікіх праблем па тэхніцы няма. Нязначныя паломкі аператыўна ўхіляе мабільнае рамонтнае звяно. Тэмпы сяўбы маглі б быць больш высокімі, але запасаў паліва няма, працуем, як кажуць “з колаў”…

Шмат клопатаў падчас пасяўной і ў старшыні прафкама гаспадаркі Тамары Цітавец. Адзін з іх – інфармацыйнае забеспячэнне.

– Уся неабходная ўдзельнікам веснавых палявых работ інфармацыя змешчана на адмысловых стэндах у дыспетчарскай, – кажа яна. – Тут і расцэнкі, і дзённыя заданні, і ўмовы ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва. Штодня абнаўляю экраны заработнай платы і спаборніцтва, каб механізатары і вадзіцелі маглі пацікавіцца, колькі зарабілі за папярэдні дзень і хто – у лідарах па відах работ. У гонар перадавікоў уздымаецца Сцяг працоўнай славы пры ўваходзе на машынны двор.

Таксама займаюся арганізацыяй харчавання ўдзельнікаў пасяўной. Пакуль што возім у поле абеды, але з падаўжэннем рабочага дня будзе і вячэра. Пры гэтым 70 працэнтаў выдаткаў на харчаванне бярэ на сябе гаспадарка…

Адметная асаблівасць сёлетніх веснавых палявых работ для гаспадаркі ў тым, што ў яго аператыўным кіраванні знаходзіцца сельгаспрадпрыемства “Ганута-Агра”. А гэта – яшчэ такі ж аб’ём яравога зерневага кліну. Аднак дырэктар ААТ “Раванічы” Сяргей Кіпець перакананы, што сумеснымі намаганнямі гануцкіх і раваніцкіх земляробаў пасяўная там завершыцца ў належныя агратэхнічныя тэрміны.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць