У ДУП «ПМК-237» УП «Мінскаблсельбуд» у 2018 годзе адбылося 3 няшчасныя выпадкі на вытворчасці, у тым ліку 1 - з цяжкімі наступствамі. Таму для інжынераў па ахове працы быў арганізаваны выезд на аб'ект арганізацыі - на пляцоўку будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома па вул. Барыкіна ў Чэрвені. Інжынер па якасці, ахове працы і тэхніцы бяспекі ДУП «ПМК-237» Аляксандр Шчацінка пазнаёміў прысутных з арганізацыяй працы на аб'екце і мерамі, распачатымі арганізацыяй па недапушчэнні вытворчага траўматызму ў далейшым. Аб выкананні заканадаўства аб ахове працы арганізацыямі Чэрвеньскага раёна далажыў Аляксандр Мініч, намеснік начальніка аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Алена Кацько, галоўны спецыяліст упраўлення райвыканкама па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне давяла да ведама прысутных мерапрыемствы па прафілактыцы вытворчага траўматызму, якія неабходна ажыццявіць у 2019 годзе. З вынікамі маніторынгаў па ахове працы рэйдавай групай тэхнічнай інспекцыі Федэрацыі прафсаюзаў у арганізацыях і ўстановах Чэрвеньскага раёна у 2019 годзе выступіла Вольга Коціна, старшыня Чэрвеньскага раённага аб'яднання прафсаюзаў. Заканадаўства аб парадку правядзення абавязковых медыцынскіх аглядаў растлумачыў Аляксандр Бутэнка, галоўны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У рамках раённага Дня аховы працы таксама правялі семінар «Новае ў заканадаўстве аб забеспячэнні работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны». Зінаіда Паўлавіч, дырэктар мясцовага Фонду ўкаранення сучасных сродкаў бяспекі працы, пазнаёміла прысутных з новымі патрабаваннямі ў Тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза «Аб бяспецы сродкаў індывідуальнай абароны», практыкай прымянення новых ДАСТаў, распрацоўкі тэхнічных апісанняў на закупку сродкаў індывідуальнай абароны. На выставе сучасных сродкаў індывідуальнай абароны была прадстаўлена спецвопратка, спецабутак і іншыя прыстасаванні, прымяненне якіх стварае працуючым бяспечныя і максімальна камфортныя ўмовы працы.
Завяршыўся раённы Дзень аховы працы абменам думкамі паміж удзельнікамі.
Алена Кацько, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама. Фота Г. Гамеза

