З пачатку бягучага года ў Чэрвеньскім раёне зарэгістраваны адзін выпадак гэтага захворвання (за такі ж перыяд 2018 года - 2 выпадкі).
Узбуджальнік - бактэрыі роду Salmonella. Асноўная крыніца інфекцыі - хворыя жывёлы: буйная рагатая жывёла, птушка, некаторыя дзікія жывёлы. Шлях заражэння - прадукты харчавання: мяса, рыба, яйкі і яечныя прадукты, малако і малочныя прадукты і праз інфікаваную ваду ў адкрытых вадаёмах і вадаправодную.
Інкубацыйны перыяд (з моманту інфікавання і да клінічнай праявы захворвання) доўжыцца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Асноўныя сімптомы - агульная інтаксікацыя, рэзкае павышэння тэмпературы цела, боль у галаве, ламота ў суставах і мышах, слабасць, боль у жываце са спазмамі, млоснасць, ваніты, дыярэя, калавыя масы маюць характэрны вадзяніста-пеністы выгляд і смуродны пах, часам адзначаецца іх зялёны колер.
Не ўсякія сімптомы, якія ўключаюць дыярэю і павышаную тэмпературу, азначаюць, што гэта сальманелёз. Сальманелёз, асабліва на ранняй стадыі, не заўсёды бывае проста аддзяліць ад іншых інфекцыйных захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, напрыклад, ротавіруснай інфекцыі, дызентэрыі. Таму для вызначэння ўзбуджальніка праводзяць вылучэнне яго з ванітавых, калавых мас, прамыўных вод страўніка, жоўці, а таксама пры бактэрыяльным пасеве крыві хворага і інш. Таксама важную ролю ў дыягностыцы гуляе аналіз дзеянняў, якія маглі прывесці да заражэння.
Чым лячыць хваробу, можа вырашыць толькі лекар. У большасці выпадкаў лячэнне сальманелёзу праводзіцца ў стацыянары. У выпадку лёгкіх формаў захворвання лячэнне можа праводзіцца і ў хатніх умовах. Аднак гэта хутчэй выключэнне, паколькі сальманелёз - падступная хвароба, і яе ўяўная лёгкая плынь у любы момант можа змяніцца абвастрэннем.
Хвароба мае выразна выяўленую сезонную залежнасць. У цёплы час года назіраецца пік захворванняў. Аднак заразіцца сальманелёзам можна ў любы сезон.
Каб засцерагчыся ад захворвання сальманелёзам, неабходна выконваць простыя правілы - не есцi сырыя, дрэнна прапражаныя ці правараныя мяса, рыбу ці яйкі. Варта памятаць, што сальманела не гіне нават пры працяглым варэнні, на працягу некалькіх гадзін, у тым выпадку, калі таўшчыня мяса складае больш за 15 см. Такім чынам, перад кулінарнай апрацоўкай мяса, птушкі і рыбы, варта нарэзаць іх як мага больш дробнымі лустачкамі.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на яйкі. Хатняя птушка найбольш часта аказваецца носьбітам сальманелы. Таму варта адмовіцца ад ужывання ў ежу сырых яек і варыць іх як мага даўжэй - не менш за 6 хвілін. Перад варэннем яек - абавязкова іх памыць. Рукі пасля таго, як у іх пабывалі сырыя яйкі, неабходна старанна вымыць з мылам. Ёсць і выключэнне - перапёлчыны яйкі вельмі рэдка заражаюцца сальманелай, таму іх можна есцi нават сырымі. Аднак іх таксама абавязкова варта мыць перад ужываннем.
Нельга выкарыстоўваць адзін і той жа нож і дошку для раздзелкі сырой і гатовай прадукцыі. Мясныя дошкі і нажы варта мыць адразу пасля заканчэння ўжывання.
Сальманелы могуць жыць і ў прадуктах, быццам бы, якія не маюць дачынення да жывёл, напрыклад, у кандытарскіх вырабах. Тлумачыцца гэта тым, што для прыгатавання цеста ў падобных прадуктах маглі выкарыстоўвацца заражаныя яйкі. Варта ўзяць за правіла - не купляць сумніўныя прадукты харчавання з рук, у вулічных прадаўцоў.
Астатнія правілы гігіены - стандартныя: рэгулярна мыць рукі, асабліва пасля наведвання вуліцы, кантактаў з жывёламі, не піць некіпячоную ваду, і г.д. І, зразумела, умацоўваць імунітэт, лячыць хранічныя захворванні, якія могуць прывесці да ўразлівасці арганізма перад інфекцыяй.
Зоя САВАЙТАН,
памочнік урача-эпідэміёлага Чэрвеньскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

