«Беларусі аказаны вялікі гонар праводзіць у сябе ІІ Еўрапейскія гульні, але гэта заслуга не толькі нашых спартсменаў, але і ўсіх тых, хто актыўна ўдзельнічае ў культурных рухах. За кароткі перыяд суверэнная Беларусь стала вядомай ў свеце як магутная спартыўная дзяржава, - адзначыў дырэктар Нацбібліятэкі Раман Матульскі. - На сённяшняй выставе мы паказалі ўзнагароды, значкі, дыпломы і сцягі, якія падымаліся і ўручаліся на самых высокіх трыбунах беларускім спартсменам, што яшчэ раз кажа аб дужым гістарычным падмурку беларускага спорту».
Генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Георгій Катулін падкрэсліў, што ў свеце мала краін, якія могуць ганарыцца наяўнасцю 79 алімпійскіх чэмпіёнаў: «ІІ Еўрапейскія гульні - беспрэцэдэнтная падзея для Беларусі як па маштабе, так і па значнасці. Гэта не толькі велізарны гонар, але і велізарны выклік, які прыняла наша рэспубліка».
Першы намеснік міністра спорту Вячаслаў Дурноў на адкрыцці выставы выказаў упэўненасць, што экспазіцыя будзе па вартасці ацэнена як беларусамі, так і гасцямі нашай краіны.
На выставе прадстаўлены кубкі, медалі, значкі, маркі, цацкі-талісманы, сувенірная прадукцыя, білеты Алімпійскіх гульняў, вымпелы, экіпіроўка вядомых беларускіх спартсменаў (цыліндр алімпійскага чэмпіёна па конным спорце Віктара Угрумава, плавальны касцюм Вадзіма Махнева, велакасцюм Наталлі Цылінскай, майка лёгкаатлета Андрэя Краўчанкі, камбінезон для плавання Аляксандры Герасімені і іншыя).

