Яго імем названы вуліца, плошча і нават гандлёвы дом у Францыі, яго карціны на сусветных аўкцыёнах ацэньваюцца ў дзесяткі мільёнаў даляраў - усё гэта пра мастака Парыжскай школы родам з Смілавіч Хаіме Суціне. Памяць аб ім ўшаноўваюць і на малой радзіме, дзе ў 2008 годзе быў адкрыты адзіны ў свеце музей, прысвечаны жыццю і творчасці майстра.
- Дарэчы, 18 адсоткаў мастакоў Парыжскай школы - гэта выхадцы з Беларусі, - адзначыла дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе месціцца музей «Прастора Хаіма Суціна», Ала Лаўрыновіч.
І ў гэтую лічбу ўваходзіць імя яшчэ аднаго смiлаўчанiна - Шрагі Царфіна. Яму ў музеі прысвечаны выставачная зала «Вяртанне на радзіму».
Прадстаўнікі замежных СМІ аднымі з першых ўбачылі выставу работ навучэнцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, за дзень да яе ўрачыстага адкрыцця.
У Смілавічах гасцей чакала шырокая праграма - з наведваннем прадпрыемства «СТФ-мантаж», школьнага музея мануфактуры, храма Георгія Перамаганосца і музычнай гасцінай Манюшкі.
Алена Лазарава, старшыня Беларускага таварыства «Прамень», г.Рыга, Латвія:
- На выставу «СМІ ў Беларусі» мы прыехалі з газетай беларусаў Латвіі «Прамень», якая адлюстроўвае наша жыццё, культуру, падзеі. А падзей шмат, бо ў Саюз беларусаў у Латвіі ўваходзіць 15 беларускіх таварыстваў.
Выставу СМІ мы наведваем штогод, у першую чаргу, для абмену досведам: мы вучымся адзін у аднаго, праходзім майстар-класы.
Тое, што ў праграму візіту ўваходзіць экскурсійны складнік - вельмі важны для нас аспект, бо гэта сустрэча з нашай этнічнай радзімай, судотык з багатай беларускай гісторыяй.
Смілавічы мяне здзівілі з культурнага пункту гледжання, упарадкаваннем культурнай спадчыны: невялікі пасёлак, але досыць насычаны музеямі. Таму я хачу пажадаць, каб беларуская зямля і далей захоўвала сваю гісторыю і прымнажала яе.

