Маленькія артысты выканалі танцы “Птушкі”, “Сцюардэсы”, “Зарадка”, “Цыганачка”, “Жабкі”, “Матроскі танец” і “танец з парасонамі”. Дзяўчынкі праспявалі песню “Ягадка”, прычым кожная маленькая спявачка была самай сапраўднай “малінкай” і “сунічкай”, “чарнічкай” і, нават, “кавуном”, які, дарэчы, таксама з’яўляецца ягадкай, аб чым і спявалася.
Спадабалася гледачам песня “Идёт солдат по городу” у выкананні Кірыла Садзюкевіча з дзіцячага садка №2 г.Чэрвеня і песня “Гармонік, грай”, якую ён спяваў пазам з Дашай Іотка. Дружнымі апладысментамі ўзнагародзілі гледачы выступленне Ксеніі Хмяльніцкай з дзіцячага садка №6, якая прачытала верш пра сабаку, і Мілы Казачонак з дзіцячага садка №5. Яна прачытала верш пра Беларусь. Песню «Беларусачка» праспявала выхаванка дзіцячага садка №6 Сафія Царык.
Яскравым момантам мерапрыемства стала дэфіле – дзяўчынкі і хлопчыкі прадэманстравалі беларускія нацыянальныя касцюмы. У ім удзельнічалі таксама выхаванцы Чарнаградскага, Валявацкага, Азёрнаўскага, Любішынскага дзіцячых садкоў і садка №1 г.п.Смілавічы.
Завяршыўся канцэрт песняй пра Беларусь “Самая красивая родина моя…”, якую спявалі ўсе ўдзельнікі – выхаванцы, педагогі і бацькі.
Звяртаючыся да маленькіх артыстаў, начальнік упраўлення па адукацыі спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч адзначыла, што канцэрт быў яскравым, маляўнічым і вельмі цікавым. Атрмалася сапраўднае свята.
— Гэта ўсё – вынік вялікай сумеснай працы педагогаў, бацькоў і саміх выхаванцаў, — сказала яна. – Такая праца не застаецца без узнагарод.
У пацверджанне сваіх слоў Ларыса Валянцінаўна ўручыла загадчыкам дзіцячых дашкольных устаноў Чэрвеня Дыпломы ўдзельнікаў, для выхаванцаў кожнай установы – бадмінтон, а ўсім маленькім артыстам – медалі.
Такі ж фестываль адбыўся і ў дашкольных дзіцячых установах г.п.Смілавічы.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

