Апошні званок не толькі стаў кранальным момантам развітання са школьнай лавай, але і падвёў рысу пад навучальным годам.
- Я з гонарам магу сказаць, што гэты навучальны год нашы хлопцы здолелі прайсці з годнасцю, - адзначыла дырэктар школы Лілія Сныткова падчас «лінейкі». - Яны шматразова адзначаліся ўзнагародамі, дыпломамі, прызавымі месцамі ў конкурсах самадзейнасці, спартыўных спаборніцтвах, алімпіядах розных ступеней. Кожнаму з іх жадаю не разгубіць свой патэнцыял, прымнажаць веды і пакараць новыя вяршыні.
Чацвёра адзінаццацікласнікаў развітваюцца са школай, будучы залатымі медалістамі. Народная мудрасць «веданне - золата» ў іх выпадку спрацавала літаральна.
- Мне вельмі сумна расставацца з вамі, але час не чакае, - класны кіраўнік 11-га класа Ларыса Шыдлоўская з цяжкасцю стрымлівала хваляванне, развітваючыся са сваімі вучнямі. - Хай у вас хопіць сіл, мужнасці і цярпення справіцца з усімі цяжкасцямі, якія будуць сустракацца на новым шляху.
Бацькі запісвалі на тэлефоны і відэакамеры кожную адказную хвіліну «лінейкі». Яшчэ з дзясятак фатаграфій на памяць з пасталелымі дзецьмі яны зробяць пасля таго, як прагучыць апошні званок.
- Для вас 11 гадоў былі доўгімі, для нас - праляцелі як адно імгненне, - сказанае на дарогу слова ад імя бацькоў узяла Галіна Каратчэня. - Вы шчаслівыя, што сёння скончылі школу, а нам сумна, таму што вы так хутка выраслі і вось-вось вылецеце з бацькоўскага гнязда. Перад вамі адкрываецца цэлая жыццё. Заставайцеся ў iм такімі, якімі стаіце сёння перад намі: прыгожымi, дзёрзкімi, амбіцыйнымі і мэтанакіраванымі. Ідзіце па сваім шляху смела, нічога ня бойцеся і не забывайце, што мы, бацькі, заўсёды будзем побач.
Пад канец свята выпускнікі загадалі запаветныя жаданні і адпусцілі ў неба паветраныя шары, каб усё задуманае і сказанае спраўдзілася.

