Пра асноўныя этапы жыцця і дзейнасці юбіляраў удзельнікам сустрэчы распавялі бібліятэкары. Сябры клуба Яўген Несцяровіч і Уладзімір Адамовіч шмат добрых і цёплых слоў адрасавалі дзвюм гэтым асобам. Прыемную ўсмешку выклікаў сатырычны верш Паўлюка Труса пра самагоншчыка ў выкананні Яўгена Антонавіча. Уладзімір Паўлавіч, зямляк юбіляраў, прадставіў Паўлюка Труса яскравай постаццю, шчырым лірыкам, класікам роднай літаратуры, рускім Ясеніным, культурным, простым, сумленным, вясёлым, а Адама Русака – музыкантам, скрыпачом, гумарыстам. Адзначыў, што амаль 200 вершаў паэта пакладзена на музыку.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі запісы вядомых песень на словы Паўлюка Труса і Адама Русака ў выкананні беларускіх артыстаў. Сябры клуба з задавальненнем чыталі паэтычныя творы юбіляраў.
З інтарэсам праглядзелі ўрывак з аўтарскай праграмы Аляксандра Дамарацкага “Свет далёкай зоркі”, прысвечаны Адаму Русаку. Два музычных твора на словы паэта-песенніка пад баян прагучалі ў выкананні творчага сямейнага дуэта Анатоля і Людмілы Турбалаў.
Анатоль Сцяпанавіч засяродзіў сваю ўвагу на песні “Толькі з табою”, музыку да якой напісаў Ісаак Любан. Ён узгадаў, што Адам Русак і самадзейны кампазітар былі сябрамі. А яшчэ пра тое, што ў 70-ыя гады на свой юбілей Ісаак Ісаакавіч запрасіў Натальеўскі народны хор пад кіраўніцтвам Івана Архіпавіча Няборскага, салісткай якога была сябра клуба Сафія Картавусава, і ансамбль народных інструментаў пад кіраўніцтвам Івана Іосіфавіча Лычкоўскага, удзельнікам ансамбля быў і баяніст Анатоль Турбал.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Фота аўтара

