З вялікім і грунтоўным аналізам існуючых формаў занятасці для дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на ўліку камісіі, у розных аб'яднаннях па інтарэсах, мерапрыемствах, грамадскай і працоўнай дзейнасці выступіла начальнік упраўлення па ідэалогіі, культуры і справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчацінка.
Намеснік старшыні райвыканкама Ала ШАХОЦЬКА, якая ўзначальвае камісію, адзначыла, што ў тых населеных пунктах, дзе няма школ, клубаў і бібліятэк, але ёсць «цяжкія» падлеткі, мэтазгодна праводзіць выязныя заняткі спецыялістаў, напрыклад, харэографа, мастака, спартыўных трэнераў. Таксама Ала Канстанцінаўна прапанавала работнікам сілавых структур часцей праводзіць нефармальныя сустрэчы і мерапрыемствы з падапечнымі камісіі, каб асабістым прыкладам весці за сабой.
З мая па верасень у раёне, як і па ўсёй краіне, ідзе аперацыя «Клопат», закліканая ахоўваць непаўналетніх ад правапарушэнняў і ДТЗ, папярэджваць асацыяльныя паводзіны, прапагандаваць здаровы лад жыцця. На гэта накіравана і праца КДН. Нядаўна адбылася праверка таго, як выконваюцца ў адукацыйных установах раёна мерапрыемствы па занятасці дзяцей, як ахоплены заняткамі па інтарэсах у гуртках і секцыях хлопцы з сем'яў СНС. Вынікі гэтай праверкі, якая прайшла пад кіраўніцтвам Наталлі Сцяжко, абмяркоўваліся на пасяджэнні. Высветлілася, што не ва ўсіх школах працуюць, як мае быць, заяўленыя ў дакументах гурткі, і дырэктары гэтых школ былі выкліканыя для справаздачы.
Абмяркоўвалася і тэма працоўнай занятасці. Нягледзячы на тое, што ў раёне сфарміравана пяць будатрадаў і райкам БРСМ вядзе індывідуальнае працаўладкаванне тых, хто звярнуўся ў пошуках працы, ў «Падслушцы» шмат аб'яў пра пошукі непаўналетнімі падпрацоўкі на лета. Таму было прапанавана ў самы кароткі тэрмін стварыць падабенства банка дадзеных прадпрыемстваў і фірмаў, згодных прыняць падлетка.
Камісія вырашыла стварыць таксама агульны па раёне даведнік усіх існуючых у нас гурткоў, клубаў і аб'яднанняў па інтарэсах.
Маніторынг устаноў адукацыі і культуры будзе працягвацца. У жніўні правераць сельскія клубы і Дамы культуры.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. фота аўтара

