У гэты дзень звярнуліся па дапамогу да дэпутата шэсць чалавек, прычым, не толькі з Чэрвеньскага раёна, таму што Пётр Аляксеевіч прадстаўляе ў Народным сходзе тры раёны Мінскай вобласці: наш, Бярэзінскі і Крупскі.
Чатыры звароты былі па тэлефоне. Яны тычыліся пытанняў добраўпарадкавання, індывідуальнага прадпрымальніцтва, працы грамадскага транспарту.
Два чалавекі прыйшлі на асабісты прыём. У абодвух выпадках справа тычылася індывідуальнага прадпрымальніцтва і спрэчак з нагоды памяшкання або тэрыторыі.
Праблема, якую прасілі дапамагчы вырашыць прадстаўнікі ІП Курдун, доўжыцца ўжо не першы год. 25 гадоў таму было выкуплена памяшканне ў сельгаспрадпрыемства, ўкладзена шмат фінансаў у рэканструкцыю будынка і тэрыторыі. Але некалькі гадоў таму на ўчастак дарогі, які вядзе да мэблевай вытворчасці ІП Курдун, створаны самім ІП, стаў прэтэндаваць іншы прадпрымальнік.
Шмат афіцыйных дакументаў з розных адміністрацыйных інстанцый, а таксама фотаздымкі і копіі судовых рашэнняў кажуць пра тое, што звярнуліся да дэпутата дзейнічаючыя у поўнай згодзе з законам. Але спакою няма, і да мірнага вырашэння праблемы далёка. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, па словах звярнуўшыхся грамадзян, гэта тая інстанцыя, ад якой яны чакаюць справядлівасці і дзейснага рашэння. Пётр Аляксеевіч запэўніў, што разбярэцца з гэтым пытаннем на працягу належных па законе дзесяці дзён.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

