Тут, на гары быў некалі пабудаваны касцёл, які з часам ператварылі ў крэпасць. Пазней на тэрыторыі Дзяржынска праходзіла шмат бітваў пры раздзеле Рэчы Паспалітай, - паўстанне Кастуся Каліноўскага, рэвалюцыя, імперыялістычная вайна, абаронныя баі падчас грамадзянскай вайны. Тут устаноўлены і помнік героям Вялікай Айчыннай вайны.
На жаль, Кальвінскі сабор не захаваўся да нашых дзён, яго разабралі на камяні, засталіся толькі фрагменты падмуркаў прыгонных сцен і вежы на невялікім узвышэнні. Тут устаноўлена мемарыяльная пліта.
У Дзяржынску мы таксама ўбачылі прыгожыя храмы - касцёл Святой Ганны і Свята-Пакроўскую царкву.
Далей наш шлях ляжаў у Рубяжэвічы. Гэта - аграгарадок, які знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Стоўбцаў і ў 17 ад Дзяржынска. З вуснаў мясцовага экскурсавода мы даведаліся пра гісторыю пасёлка. Асабліва здзівіла тое, як у пачатку ХХ стагоддзя усім навакольным светам будавалі касцёл Святога Язэпа ў неагатычным стылі.
Пасля падаўлення паўстання 1863 года мноства каталіцкіх касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі было адабрана царскім урадам у каталіцкай царквы і перададзена праваслаўным, у тым ліку і драўляная царква 1799 года пабудовы ў вёсцы Рубяжэвічы (не захавалася).
Шматкратныя просьбы вернікаў дазволіць ім пабудову новага будынка доўгі час не мелі ніякага поспеху, толькі ў 1905 годзе пасля выхаду «Маніфеста аб умацаванні верацярпімасці» будаўніцтва было дазволена. Мураваная царква ў неагатычным стылі была ўзведзена ў 1907-1911 гадах на паўночнай ускраіне вёскі, на ўзгорку.
Па словах экскурсавода, за гэтым дазволам ездзіў у Санкт-Пецярбург мясцовы чалавек па прозвішчы Тур. Дазволу ён не атрымаў, але вярнуўшыся дадому, узяў камень і на ім высек словы пра тое, што тут будзе пабудаваны храм і напісаў сваё прозвішча. За гэта яго разам з сям'ёй саслалі ў Сібір. Вярнуўшыся адтуль, ён зноў узяўся за сваю справу.
Дазвол быў атрыманы, але неабходна было выканаць некалькі ўмоў пры будаўніцтве: касцёл павінен быў быць пабудаваны з бутавага каменю і ўсяго за чатыры гады. Польскі архітэктар зрабіў праект. Касцёл выглядаў прыгожым, але ў гэтыя тэрміны ўкласціся не было ніякай магчымасці. Народ вырашыў - будзем працаваць усім светам. І вось у радыусе 15 кіламетраў вакол Рубяжэвічаў працавалі каменячосы. Камяні падвозілі на фурманках штодня. Працавала сто чалавек. Працавалі і жанчыны, якія рыхтавалі ежу мужчынам. Кожную раніцу да дома, дзе рыхтавалася ежа, людзі дастаўлялі якую-небудзь жыўнасць: парасяці, або цяля, ці курэй, каб гаспадыня мела магчымасць прыгатаваць добрую ежу для работнікаў. Ніхто не цікавіўся, хто дастаўляў ўсе гэтыя прадукты, - гэта былі ахвяраванні...
Маленькія дзеці бралі кошыкі і хадзілі па хатах збіраць яйкі, якія выкарыстоўвалі для падмурка. Яйкі ім есці не дазвалялі...
Храм пабудавалі ў тэрмін. Перад ім разбіты парк камянёў. Кожны камень - гэта вёска, жыхары якой прымалі ўдзел у будаўніцтве храма. Прычым камяні размешчаны такім чынам, што нагадваюць геаграфічную карту - па месцы знаходжання кожнай вёскі гэтай парафіі. Кожная вёска шукала і прывозіла сюды свой камень, і кожны стараўся, каб яго камень быў не горш за іншых... Некаторых вёсак ужо няма, а камяні - іх помнікі - стаяць. Ініцыятар будаўніцтва храма - Тур - пахаваны на тэрыторыі касцёла.
Далей мы накіраваліся ў палацава-паркавы ансамбль Сула, апошнімі ўладальнікамі якога былі Ленскiя. Сёння гэта першы ў Беларусі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула», які размясціўся ў 49 кіламетрах ад сталіцы на маляўнічым беразе аднайменнага возера. Тут адкрываецца новы свет, дзе сціраюцца грані паміж матэрыяльным і духоўным, аднаўляюцца страчаныя сувязі з нашым мінулым...
Мы трапілі ў музей падчас святкавання Івана Купалы. На канцэртнай пляцоўцы гучалі песні, вакол па перыметры былі разведзеныя невялікія вогнішчы - сімвалы ачышчэння...
Тут на тэрыторыі музея дзейнічаюць майстэрні, як і ў мінулыя стагоддзі, - ткацкая, валюшна, кузня, ёсць батлейка і яўрэйскі дом, у якім сабраны прадметы тагачаснага ўжытку. Працуе травяная аптэка. Мы ўбачылі і дракара, лодку вікінгаў, была магчымасць пакатацца на конях, паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. У пабудаваным бровары нас частавалі «Старкай». А на месцы былой - пабудавалі вежу. Працуе рэстаран і гасцініца. Сюды трэба прыехаць хаця б на дзень, каб добра пазнаёміцца з маёнткам. Там вельмі цікава. На жаль, час нашай экскурсіі быў абмежаваны...
Пасля Сулы мы накіраваліся ў Дзераўное. Гэта аграгарадок ў Стаўбцоўскім раёне. Тут пражывае 1700 чалавек. Гарадок добра абсталяваны. Яго галоўная славутасць - Храм Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Наступным нашым прыпынкам быў аграгарадок Налібакі. Ён знаходзіцца на захадзе Мінскай вобласці, у 36 км на паўночны захад ад горада Стоўбцы і ў 23 км на паўднёвы захад ад Івянца. Сяло стаіць на ўсходняй ускраіне шырокага забалочанага ляснога масіва, які атрымаў па назве населенага пункта назву «Налібоцкая пушча» і з'яўляецца своеасаблівымі «варотамі» у лясныя ўгоддзі.
Храм Святога Міхала Арханёла агледзелі звонку. Служба скончылася, ён быў зачынены.
Далей накіраваліся ў Івянец - гарадскі пасёлак у Валожынскім раёне. Наведалі мясцовы музей традыцыйнай культуры і касцёл Святога Аляксея. У храме ішла служба. На яго тэрыторыі размяшчаецца заасад, дзіцячая пляцоўка, тэнісныя корты, трэнажорныя залы, цёплыя, яны працуюць круглы год, ёсць дзіцячае кафэ. Працуе нядзельная школа. Людзей было шмат, яны адпачывалі разам з маленькімі дзецьмі.
У Пяршаях, аграгарадку ў тым жа Валожынскім раёне, спыніліся каля касцёла Святога Юрыя пабудовы 1933 году - яркага прадстаўніка эпохі эклектыкі. Ад экскурсавода даведаліся пра лёс двух святароў, якія не пагадзіліся падчас вайны супрацоўнічаць з немцамі і былі закатаваныя.
Апошнiм нашым прыпынкам быў Валожын. Тут мы ўбачылі самы першы помнік у Беларусі Папе Рымскаму Яну Паўлу II, касьцёл Святога Язэпа (1815) - шэдэўр архітэктуры класіцызму, а таксама адзін з захаваўшыхся найбуйнейшых палацавых комплексаў на тэрыторыі Беларусі - палац Тышкевічаў.
Род Тышкевічаў - апошніх прыватных уласнікаў валожынскіх зямель - валодаў Валожыным і прылеглымі тэрыторыямі да 1939 года. Акрамя палацава-паркавага ансамбля з вялікай аранжарэяй, Тышкевічы пабудавалі ў Валожыне таксама і касцёл Святога Язэпа.
Станіслава Баркоўскага , старшыня аматарскага краязнаўчага клуба «Бонда». Фота аўтара

