Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 841

17 Ліпень 2019

Імя навукоўца, фізіка-ядзершчыка Юрыя Галіцкага па праве павінна быць упісана ў адзін шэраг з іншымі знакамітымі людзьмі Чэрвеньшчыны

9 гадоў таму ў 45-гадовым узросце ён пайшоў з жыцця. Прафесійная дзейнасць Юрыя Гіліцкага прынесла немалую карысць як у нашай рэспубліцы, так і за мяжой.

У Інтэрнэце пра яго ёсць толькі кароткія звесткі: месца працы і абароны дысертацыі, яе тэма: «Газавая каларыметрыя для эксперыментаў з высокімі загрузкамi».

Абараніў яе Юрый Уладзіміравіч у 2008 годзе ў Інстытуце фізікі высокіх энергій (IФВЭ) у горадзе Протвiна Маскоўскай вобласці. Рашэннем дысертацыйнага савета інстытута яму прысуджана навуковая ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук.

Неадмыслоўцам незразумела, чым займаўся вучоны: падрабязнасці працы, якая праводзіцца ў інстытуце, не аддаюцца агалосцы. У тых нешматлікіх дакументах, якія кіраўніцтва інстытута перадало Марыі Іванаўне, маме Юрыя, гаворыцца:

«... Гэтая дысертацыя стала вынікам яго шматгадовай і актыўнай працы ў IФВЭ, у выніку якой ён стаў выбітным экспертам у галіне электронікі для эксперыментаў у фізіцы высокіх энергій на сучасных паскаральніках (коллайдерах). Многія яго распрацоўкі яшчэ доўга будуць выкарыстоўвацца як у Расіі, так і за мяжой. Ю.В. Гіліцкі мае больш за 50 навуковых выданняў, апублікаваных у расійскіх і замежных выданнях... »

Няма сумневу, што Юрый Уладзіміравіч, таленавіты навуковец мог бы дасягнуць яшчэ большых вышынь у сваёй працы...

Матэматыка падабалася Юрыю заўсёды, а фізіка захапіла з таго моманту, як гэты прадмет з шостага класа ён стаў вывучаць у сярэдняй школе №2 г.Чэрвень. Асабліва цікавай яму была радыётэхніка. Ён выпісваў часопісы «Радыё» і «Квант». Прасіў у бацькі, калі ён ездзіў у Мiнск у камандзіроўкі, купіць яму радыёдэталі. Літаральна на кавалачку фанеры збіраў міні-прыёмнікi і яны працавалі! Не любіў ён дарма марнаваць час, быццам адчуваў, што жыццё адмерала яму няшмат: радыётэхніка была яго самым галоўным захапленнем...

Школу скончыў з залатым медалём. Спрабаваў паступаць у ваеннае вучылішча ў Ленінградзе, сагітаваў сябар. Прыехаўшы ў вучэльню і убачыўшы ўсю ваенную абстаноўку там знутры, вырашыў, што гэты занятак не для яго. Здаў тры іспыты, а апошні здаваць не стаў - з'ехаў дадому, вырашыўшы, што яшчэ паспее падаць дакументы ў іншую навучальную ўстанову. Да таго ж і брат мамінага бацькі, доктар біялагічных навук, параіў паступаць ва ўніверсітэт, бо менавіта там можна будзе займацца навукай, а гэта вельмі цікава.

Юрый так і зрабіў. Падаў дакументы на факультэт радыёфізікі і электронікі ў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя Леніна і, здаўшы адзін экзамен па фізіцы на «выдатна», паступіў. Гэта быў 1982 год. У той час з вышэйшых навучальных устаноў хлопцаў заклікалі ў войска. Прыйшлося на час службы перапыніць вучобу і Юрыю. У войску яго настойліва агітавалі на вучобу ў Серпухаўское ваеннае вучылішча артылерыі, але ён не пагадзіўся.

Ужо з трэцяга курсу Юрый стаў займацца навуковымі эксперыментамі. Дыпломную працу ён пісаў у Інстытуце фізікі высокіх энергій. Гэта было яго першае знаёмства з гэтай навуковай установай. Пасля абароны дыплома яго накіравалі працаваць у навукова-даследчы інстытут Ядзерных праблем пры БДУ. У 1988 годзе ён стаў актыўна ўдзельнічаць у сумесных работах БДУ-IФВЭ.

Праз тры гады Юрыя Уладзіміравіча запрасілі працаваць у IФВЭ. Ён уключыўся ў стварэнне сістэм амплітуднага і часовага аналізу электрамагнітнай каларыметрыі станцыі пазначанай нейтрына, хуткага аналізу тапалогіі энергавылучэння ў спектраметрыі і іншыя.

З 1994 года Юрый працягнуў сваю дзейнасць у галіне каларыметрыі і сістэм збору дадзеных ўжо на міжнародным узроўні ў сумесных эксперыментах ў ЗША, Германіі і Швейцарыі, стаўшы прызнаным аўтарытэтам у сваёй вобласці.

У Юрыя Уладзіміравіча была добрая сям'я. Па-іншаму і быць не магло: сумеснае дружнае жыццё бацькоў служыла для яго прыкладам. Жонка Эла, педагог, была не проста жонкай - сябрам, дарадцам, аднадумцам. Яны былі вельмі блізкія. Нядаўна і яна пайшла з жыцця. Дачка Юлія, заолаг, скончыла акадэмію і аспірантуру, таксама займаецца навукай.

Калегі і сябры заўсёды шанавалі Юрыя за працавітасць, сціпласць, адказнасць і проста за яго ўвагу і дабрыню да навакольных і чалавечае абаянне. Пра гэтыя якасці Юрыя Уладзіміравіча яны і расказалі яго бацькам.

Юры быў непублічным чалавекам, не любіў фатаграфавацца, сярод нямногіх фотаздымкаў яго маме, Марыі Іванаўне, падабаецца гэтая (на здымку), яго сфатаграфавала дачка Юлія ў працоўным кабінеце ў Швейцарыі.

Таццяна Марцьянава. Фота з сямейнага архіва Марыі Іванаўны Галіцкай

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць