У свае 8 гадоў маленькая «зорачка» ужо паспела паўдзельнічаць у Міжнародным фестывалі мастацтваў і стаць дыпламантам першай ступені, а таксама дыпламантам другой ступені ў міжнародным тэлевізійным праекце кубка «Дружбы» , атрымала спецыяльны прыз за лепшае выкананне «Мазуркі» на фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў імя М.Грушвіцкага.
На сцэне «Славянскага базару» Валерыя выступала ў складзе ансамбля нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна - «Заранак», створанага па ўказе Прэзідэнта РБ, пры дзяржаўным вакальна-інструментальным ансамблі «Песняры». У дзіцячым вакальным ансамблі Лера выступае з 2017 года. Мастацкі кіраўнік цэнтра заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Святлана Стацэнка дапамагае не толькі раскрыць талент сваіх выхаванцаў, але і дае магчымасць выступаць на галоўных канцэртных пляцоўках краіны. У гэтым годзе шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак з ансамбля выступяць на адборы Еўрабачання. А маленькая Лерачка марыла трапіць на «Славянскі базар», і вось у гэтым годзе яна на сцэне, ды яшчэ і з легендарным ансамблем «Песняры».
Маленькая мара спраўдзілася! Пашчасціла не проста патрапіць на «Славянскі базар» у Віцебску, але яшчэ і выступіць на адной сцэне з легендарным ансамблем «Песняры».
- Столькі радасных перажыванняў, такая прыгожая сцэна, - кажа Лерачка.- За кулісамі шмат зорак. Прыемнай радасцю была сустрэча з акцёрам любімага серыяла «Татавы дочкі» Аляксандрам Алешка, які быў вядучым гала-канцэрта. Любімы акцёр не толькі пагадзіўся сфатаграфавацца на памяць, але і пажадаў Валерыі поспехаў і творчых перамог!
Вольга Дземянкавец.
Фота Ганны Янчэўскай

