Шмат добрых слоў выказалі Валерыю Аляксандравічу калегі: падзяку за добрасумленную працу, за цяпло адносін, за цікавыя зносіны...
Зусім юным хлопцам, у 18-гадовым узросце прыйшоў працаваць Валерый у друкарню. Напэўна, не бывае ў жыцці нічога выпадковага: Кім, старэйшы брат юнака, працаваў тады ў Чэрвенскай рэдакцыі газеты «Калектывіст» лiтработнікам (так называлі карэспандэнтаў).
Ён і прывёў малодшага брата ў друкарню: тут спатрэбіўся лiнацiпiст.
У той час пасля заканчэння сярэдняй школы Валерый спрабаваў паступіць у будаўнічы тэхнікум у Віцебску, але не прайшоў па конкурсе. Праца як раз была яму патрэбна.
Што такое лiнацiпiст, даведаўся дакладна, калі паслалі на вучобу ў друкарню газеты «Ва славу Радзімы» ў Мiнск. Два месяцы павучыўся і пачаў працаваць. Лiнацiп стаяў у падвальным памяшканні ў старым будынку рэдакцыі. Набіраў раённую газету. Спачатку гэта быў «Калектывіст». У 1962 году газета змяніла назву на «Уперад», але праца лiнацiпiста заставалася ранейшай.
Успамінае ветэран працы, што прыходзілася працаваць шмат. Газета выходзіла тры разы на тыдзень... З дапамогай клавіятуры набіраў радкі тэксту. Радкі фармаваліся з асобныя металічныя літарныя матрыцы. Гэтыя радкі з матрыц з'яўляліся формай для адліўкі лiнацiпных радкоў з металу (друкарскага сплаву). Адліты з металу радок выпадаў з адліўнага апарата на спецыяльны столік, дзе размяшчаўся ў паслядоўнасці набору пакет раней адлітых радкоў. З іх потым і вярсталася друкаваная форма...
Здараліся і памылкі, і тэрміновыя матэрыялы даводзілася друкаваць, калі праводзіліся ў раёне разнастайныя мерапрыемствы. Газета павінна была выйсці ў тэрмін. Працаваў і ноччу... Матэрыялы вялікія былі - на цэлы разварот, а шрыфт дробны, каб больш інфармацыі размясціць... Акрамя набору газеты і іншыя друкаваныя матэрыялы набіраў...
Малады і спрытны, спраўляўся Валерый з працай, паступова назапашваючы досвед. Удзельнічаў і ў рэспубліканскіх спаборніцтвах лiнацiпiстаў, якія праводзіліся ў той жа друкарні «Вв славу Радзімы», і неаднаразова выходзіў у іх пераможцам.
Усё атрымлівалася. Праца падабалася. Дзе ж яшчэ столькі разнастайнай інфармацыі атрымаеш, прычым з першых рук! Навіны раёна, рэспублікі - нічога не праходзіла міма. І калектыў у друкарні заўсёды быў добры, зладжаны. Шмат маладых, людзі добразычлівыя, заўсёды дапамагалі адзін аднаму. Умелі працаваць, умелі і адпачываць: і святы разам сустракалі, і на экскурсіі выязджалі, і на прыроду адпачыць...
Неўзабаве рэдакцыя газеты перайшла на іншы спосаб набору газеты (з'явіўся цiпатайпер, потым кампутар), адмовіўшыся ад лiнацiпнага. Але працы ў Валерыя Аляксандравіча не стала менш. Друкарня ўзбуйняецца, пераязджае ў новы будынак, заказаў на друкаваную прадукцыю было шмат...
У Чэрвені сустрэў Валерый Аляксандравіч і сваю будучую жонку - маладую прыгажуню Валянціну. Амаль 50 гадоў сумеснага жыцця падарыў ім лёс. Хутка будзе пяць гадоў, як сышла Валянціна Сямёнаўна з жыцця...
Двое сыноў нарадзілася ў сям'і: Сяргей і Ігар. У кожнага - свая сям'я, і ў кожнага - па двое сыноў: чацвёра ўнукаў у Валерыя Аляксандравіча.
Узрост уносіць свае карэктывы ў расклад жыцця: не збірае ўжо ягады і грыбы ветэран працы, былы вялікі аматар «ціхага палявання», не ездзіць на ровары... Затое не страціў звычкі чытаць, хоць у апошні час падводзіць зрок. Затое па тэлевізары можна ўбачыць і паслухаць апошнія навіны, паглядзець цікавыя перадачы і фільмы.
Старэйшы брат Валерыя Аляксандравіча, які паўплываў на яго лёс, змяніў прафесію лiтработнiка на прафесію ўрача: скончыў медінстытут. Было ўсіх чацвёра братоў у сям'і. Нікога ўжо няма ў жывых...
Сніцца ветэрану часта родная вёска: мястэчка - фабрыка «Праца» ў Калодзежскім сельсавеце, друкарня, якая за доўгія гады стала другім домам, яе дружны калектыў...
Ніколі не падводзіў яго Валерый Аляксандравіч: за добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджваўся: мае Ганаровую грамату Дзяржаўнага камітэта па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю СССР, знак «Ударнік камуністычнай працы», неаднаразова выходзіў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў раёне ў розныя гады.
Паважаны Валерый Аляксандравіч! Калектыў рэдакцыі шчыра віншуе Вас, шматгадовага нашага нязменнага памочніка ў выпуску раённай газеты ў друк. Дзякуем Вам за супрацоўніцтва і жадаем моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці і дабрабыту!
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

